У Браславе прайшлі рэкалекцыі для дзяцей і моладзі (ФОТА)
Праграму рэкалекцый, якія праходзілі з 5 па 9 жніўня пад кіраўніцтвам кс. Станіслава Мжыглуда і мастачкі Агаты Бараноўскай, рыхтавала моладзь браслаўскай парафіі.
Як піша catholic.by, дэвіз рэкалекцый: «У сэрцы маім любоў Езуса».
«Мяне здзівіла тое, з якім жаданнем дзеці ішлі на Імшу, — узгадвае Агата Бараноўская. — Яны адкрывалі для сябе яе па-новаму. Мы разам з маёй сяброўкай (таксама мастачкай) Марыяй Ствол з Лынтупаў вучылі дзяцей маляваць, жыць у супольнасці. Святары арганізавалі для іх цікавыя эксурсіі па браслаўскім краі. Разам з дзецьмі мы зрабілі калаж і падарылі яго святарам».
Заняткі для моладзі, якая прымала ўдзел у рэкалекцыях, былі накіраваны на непасрэдную падрыхтоўку да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, які будзе ўдзелены Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроці у час урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе. Адметна тое, што моладзь сама рыхтавала для сябе свята: рабілі дэкарацыі, вучыліся чытаць чытанні і не баяцца публікі.
Паводле catholic.by