На ўзвядзенні Астравецкай АЭС будзе працаваць будатрад з Маладзечна
Маладзёжны будатрад з Маладзечна накіруецца ў Астравец на ўзвядзенне атамнай электрастанцыі, якая сёлета ўрадам краіны названа ўсебеларускай будоўляй.
Як піша «Маладзечанская газета», у склад атрада ўвайшлі дзесяць навучэнцаў політэхнічнага каледжа, якія добра вучацца і будучыя прафесіі якіх звязаны з прамысловым і грамадзянскім будаўніцтвам.
Працаваць на ўзвядзенні электрастанцыі маладыя людзі будуць з 15 ліпеня на працягу месяца.
– Маладзечанцы прадставяць не толькі наш раён, але і ўвесь сталічны рэгіён, – заўважыў першы сакратар райкама БРСМ Аляксей Вараўка. – Будатрадаўцаў забяспечаць часовым добраўпарадкаваным жыллём і гарачым харчаваннем. Па заканчэнні працоўнай змены яны атрымаюць зарплату ў памеры каля пяці мільёнаў рублёў.
Паводле «Маладзечанскай газеты»