Уладальніцай Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў "Маладзечна-2013" стала Валерыя Грыбусава з Магілёва (ФОТА)
Яна атрымала прапанову працаваць у Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні адбыўся 7 чэрвеня ў Маладзечне ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У ім удзельнічаў 21 канкурсант. Край.бай анансаваў гэту падзею.
Як расказаў журналістам 7 чэрвеня падчас аб'яўлення вынікаў член журы, заслужаны дзеяч мастацтваў, кампазітар Эдуард Зарыцкі, журы прысудзіла Гран-пры Валерыі Грыбусавай з Магілёва. Першае месца заняла Наталля Кірэенка з Жодзіна. Другія месцы – у Андрэя Чабана, які прадстаўляў Віцебскую вобласць, і ў Ксеніі Жук з Мінска. Трэція – у Андрэя Цямчыка з Брэсцкай вобласці і ў Ягора Шаранкова з Гомельскай вобласці.
Эдуард Зарыцкі
Па словах Эдуарда Зарыцкага, ён уваходзіць у склад журы конкурсу ад першага года яго правядзення. Але сёлетні ён назваў адным з самых моцных. "Нам было цяжка выбіраць першых: яны ўсе былі побач паводле ўзроўню выканальніцкага майстэрства, у паўміліметры адзін ад аднаго. Звычайна на фестывалі – два-тры моцныя канкурсанты. Астатнія слабейшыя. А тут – усе моцныя, падрыхтаваныя, відаць, што з імі працавалі педагогі", – адзначыў Эдуард Зарыцкі.
"Мы нават не маглі ўявіць, што ў нас ёсць такія таленты, – сказаў Міхаіл Фінберг. – Я лічу, што ў нас выдатная будучыня".
Міхаіл Фінберг
Ён таксама расказаў, што ўладальніцу Гран-пры Валерыю Грыбусаву ён запрасіў на працу ў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь, якім ён кіруе.
Валерыі Грыбусавай 18 гадоў. Сёлета яна заканчвае Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. На конкурсе выконвала песні "Чырвоная ружа" на музыку Уладзіміра Мулявіна і "Спі, малы сакол" (словы Янкі Лучыны, музыка Рамана Козырава).
Валерыя Грыбусава адзначыла, што рада перамозе. "Я ў захапленні! – сказала яна. – Спяваць з аркестрам мне вельмі спадабалася. Пад час першых рэпетыцый вельмі хвалявалася, але мне вельмі спадабалася. Мяне запрасілі працаваць у аркестр, думаю, гэта – добрая прапанова. Я хачу працаваць, хачу вучыцца і развівацца".
Валерыя Грыбусава
Увечары 7 чэрвеня на цырымоніі адкрыцця фестывалю пераможцам і прызёрам конкурсу ўручылі дыпломы. Валерыя Грыбусава выканала песню "Спі, малы сакол"
Святлана ЦІШКО
Фота Кацярыны СУШКО, Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА