Докшыцкая моладзь абліваецца халоднай вадой, прымаючы ўдзел у міжнародным флэшмобе Ice Bucket Challenge (ВІДЭА)
Докшыцкая моладзь прыняла эстафету міжнароднага флэшмобу ALS Ice Bucket Challenge і абліваецца цяпер халоднай вадой, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да невылечнага захворвання.
З чаго ўсё пачалося
Як пішуць Весткі, дзейнасць кампаніі ALS Ice Bucket Challenge (Край.бай таксама падрабязней паведамляе пра акцыю ТУТ) накіравана на распаўсюджанне інфармацыі пра бакавы аміятрафічны склероз і фінансаванне фондаў па даследаванні гэтай хваробы. Па сутнасці, гэта флэшмоб – вы абліваеце сябе ледзяной вадой і робіце ахвяраванне.
Бакавы аміятрафічны склероз (хвароба Шарко; хвароба Лу Герыга) – невылечнае дэгенератыўнае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы, пры якім паражаюцца рухальныя нейроны, што прыводзіць да паралічоў і наступнай атрафіі мышц.
Лічыцца, што зварот аб пачатку флэшмоба апублікаваў 31 ліпеня 2014 года бостанскі бейсбаліст Піт Фрэйс, які захварэў на гэтую хваробу. Першымі ўдзельнікамі сталі яго калегі па камандзе, а ў жніўні флэшмоб атрымаў шырокае распаўсюджанне і ў Беларусі.
Сярод удзельнікаў акцыі – акторы Він Дызель, Том Круз, заснавальнік Microsoft Біл Гейтс, заснавальнік Facebook Марк Цукерберг, музыкі Брытні Спірс, Ледзі Гага, Джасцін Бібер і іншыя.
Паводле правілаў, удзельнік мусіць абліць сябе вядром ледзяной вады і запісаць гэты працэс на відэа. Ён мае права кінуць выклік тром іншым людзям, якія павінны на працягу сутак зрабіць тое ж самае. Пры нязгодзе трэба ахвяраваць у фонд ALS Association не менш за 100$. Калі ж выклік прымаецца – унёсак складзе ад 10$.
Чаму я ўдзельнічаю ў акцыі Ice Bucket Challenge?
Аб тым, што флэшмоб набраў надзвычайную папулярнасць на Докшыччыне, можна прасачыць у суполцы ВКонтакте “Докшицы LIVE”, у якой адлюстроўваецца моладзевае жыццё места.
Моладзь, якая прыняла ўдзел у акцыі, адказала на пытанне, чым яна прывабіла іх.
Валянціна Івашчонак:
– Пра акцыю Ice Bucket Challenge прачытала ў суполцы “Докшицы LIVE”. Было вельмі цікава назіраць, як людзі абліваюцца халоднай вадой, і ім гэта падабаецца. А пасля і мне кінулі выклік – яго ўвогуле каму заўгодна кідаць можна. Пасля гэтага аблівання адчуваеш вялікі прыліў сіл, свежасць.
Вольга Баброўская:
– Гэта акцыя – вядомая фішка сярод зорак: яны кідаюць выклік адно аднаму, і калі нехта не выканае, то павінен перадаць грошы ў дабрачынны фонд, і мінімальны ўнёсак – 100 даляраў. Але зоркі звычайна і робяць ўнёскі, і абліваюць сябе вадой. Ну і мы вырашылі заняцца таксама гэтым, але без унёскаў, бо большасць нас – моладзь, якая не мае даходаў. Але наш удзел як мінімум пашырыць кола людзей, якія будуць ведаць пра бакавы аміятрафічны склероз.
Па сутнасці, у Параф’янаве гэта з’явілася толькі ўчора, але я ведала пра гэта даўно, вось і вырашыла ўвасобіць у жыццё. Было не страшна, нават цікава. Я зноў буду рабіць гэта, бо мне чарговы раз кінулі выклік. Ну але цяпер я буду браць удвая больш вады. Усім падабаецца гэты флэшмоб, бо ён пераследуе мэту распавесці грамадскасці пра малавядомую хваробу, прыцягнуць увагу да яе.
Дар’я Янчак:
– Гэта зараз папулярна ў футбалістаў, зорак. Для мяне гэта больш як прышпіл (прыкол). У докшыцкай суполцы выкладвалі відэа з маёй сяброўкай, якое я здымала, і вось яна мне кінула выклік. Гэта мне цікава, таму я таксама прыму ўдзел.
Павел Малюжанец:
– Ідэю ў суполцы я падтрымаў адным з першых – спачатку сябар зняў першы, кінуў выклік мне і яшчэ аднаму хлопцу, і панеслася! На відэа відаць, як я выліў на сябе каля 10-12 літраў вады. Калі ўжо сказаў уступныя словы, то адступаць не было куды, бо хораша сказаў. Страшна асабліва не было. А потым так свяжо-о-о… Але ў нас гэта, на жаль, just for fun, а не дабрачыннасць. Хаця людзі як мінімум даведваюцца пра малавядомую ім хваробу.
За шэсць дзён – каля 70 відэа!
“Ідэю падтрымаць сусветны флэшмоб ананімна прапанаваў адзін з падпісантаў суполкі “Докшицы LIVE””, – распавёў адміністратар суполкі, які не пажадаў раскрыць сваё імя. – Інфармацыя пра флэшмоб гуляе па ўсім інтэрнэце. Першы відэазапіс у нас з’явіўся 21 жніўня. Але не думаў, што так актыўна ўсе аблівацца будуць, шчыра кажучы, нават сам ачмурэў”.
Удзельнікі акцыі запошчваюць у суполку свае відэа і збіраюць нямала лайкаў і каментароў. Меркаванні разыходзяцца: хтосьці прымае эстафету і ўвогуле рэагуе станоўча, а нехта пакідае адмоўныя каментары, якія чамусьці ўсе як адзін утрымліваюць нецэнзурныя выразы.
Відэа самыя разнастайныя: хтосьці сам здымае сябе, іншых здымаюць сябры, і тады хапае яшчэ пазакадравых каментароў, шмат відэа, у якіх зняліся некалькі ўдзельнікаў адразу.
Па словах кіраўніка суполкі, гэтая акцыя выклікала вялікую колькасць абмеркаванняў і нават актыўныя дыскусіі. Але разам з тым людзі даведаліся пра бакавы аміятрафічны склероз, апраўдаўшы першую мэту акцыі.
27 жніўня колькасць выкладзеных відэазапісаў упэўнена падыходзіць да лічбы “70”. Але часу паўдзельнічаць у ахвотных засталося не так і шмат – адміністрацыя суполкі апублікавала запіс, дзе паведамляецца, што з 1 верасня ролікі публікавацца не будуць.
Паводле Вестак