Вілейскі паэт Мікола Кутас плануе выдаць новы зборнік вершаў
Плануецца, што зборнік «Размову з вераснем вяду» выйдзе накладам 100 экземпляраў. Палову накладу аўтар ахвяруе бібліятэкам раёна, астатняе падорыць сябрам і родным.
Як расказаў Край.бай Мікола Кутас, новы зборнік выйдзе ў бліжэйшыя дні. У яго ўвайшлі каля 100 вершаў, пародый і прыпевак.
Вокладка новага зборніка
Гэта трэцяя кніга вілейскага паэта. У 1990 годзе быў выдадзены сямейны зборнік «У храме дзён». У яго ўвайшлі вершы, напісаныя Міколам Кутасам, яго жонкай і сынам. Праз пяць гадоў быў надрукаваны персанальны зборнік паэта «Перазвоны».
«У творчасці я імкнуся дэталі будзённасці зрабіць дэталямі мастацтва. Уздымаю пытанні аб сэнсе жыцця і аб яго сутнасці», – адзначыў Мікола Кутас.
Мікола Кутас
Дарэчы, больш за 10 вершаў паэта сталі песнямі, іх выконвае калектыў аўтарскай песні «Імпэт» пад кіраўніцтвам Галіны Кутас.
Даведка: Мікалай Сяменавіч Кутас нарадзіўся ў 1945 годзе ў вёсцы Дзярэчынцы, што на Стаўбцоўшчыне. Скончыў Нясвіжскую школу-інтэрнат і Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Працоўную дзейнасць пачаў у Вілейскім раёне дырэктарам Суднікоўскай школы. Сёння Мікола Кутас працуе бібліятэкарам у Абадоўскай школе.
Юля ЛАХВІЧ
Фота аўтара