Цымбалістка са Смаргоні Анастасія Ванеева перамагла на міжнародным конкурсе ў Гомелі
З 23 па 27 лістапада ў Гомелі прайшоў V Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на народных інструментах "Залатая ліра Палесся", у якім прынялі ўдзел дзве выхаванкі Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.-К. Агінскага Ангеліна Клачкевіч і Анастасія Ванеева.
За званне лаўрэата змагаліся больш за 220 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Польшчы, а сам конкурс праходзіў у тры туры.
Як распавяла Край.бай намеснік дырэктара Смаргонскай ДШМ імя М.-К. Агінскага Марына Пахомава, Ангеліна Клачкевіч і Анастасія Ванеева ў школе мастацтваў займаюцца ў Вольгі Грагоўскай па класе цымбалы.
На конкурсе дзяўчынкі выступалі ў розных узроставых групах. Анастасія Ванеева – у малодшай, да 11 гадоў. Ангеліна Клачкевіч – у сярэдняй, да 14 гадоў. І абедзве прайшлі ў трэці, фінальны тур.
У фінале Анастасія Ванеева выканала п'есу буйной формы – «Варыяцыі на тэму Даніцэці» Шарля Данкля, цалкам адлюстраваўшы стылістыку твора, адзначыла суразмоўца. Як вынік, вышэйшая ўзнагарода – дыплом лаўрэата I ступені.
Ангеліна Клачкевіч увайшла ў дзявятку мацнейшых выканаўцаў.
Марына Пахомава дадала, што перамога Анастасіі Ванеевай на гэтым конкурсе дазволіць дзяўчынцы атрымаць спецыяльную стыпендыю з фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Сяргей ЮРЭВІЧ