На свяце "Альгердаў шлях" у Глыбокім дзеці біліся на мячах і стралялі з лука (ФОТА)
Свята для дзяцей і моладзі "Альгердаў шлях" 18 кастрычніка зладзіў у Глыбоцкім доме рамёстваў метадыст гэтай установы, майстар па дрэве Віктар Дудкевіч.
Ён запрасіў ваярскі гістарычны клуб “Гівойт” разам з музыкам-дударом з Менску, паведамляюць 19 кастрычніка "Весткі". Сябры клуба распавялі пра сярэднявечныя часы, далі паказальны бой і правялі майстар-клас па сярэднявечных танцах.
Як кажа Віктар Дудкевіч, вельмі важна, каб дзеці з маленства ведалі сваю беларускую гісторыю і маглі бавіць час у нацыянальных традыцыях.
– Дзеці прыходзяць на гурток, жадаюць зрабіць меч, а для чаго ён, не ведаюць, і як ім карыстацца таксама. Таму і вырашана было зрабіць такое свята, каб паказаць гісторыю, каб навучыць любіць сваю Радзіму. У нас вельмі шмат сваіх традыцый, і мы хацелі паказаць, як можна цікава бавіць час, прытрымліваючыся іх.
Падчас свята прысутныя дзеці біліся на мячах, стралялі з лука, танчылі сярэднявечныя танцы разам з рыцарамі і бацькамі, а таксама ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах.
Скончылася мерапрыемства агульным пачастункам ля вогнішча і ўручэннем падарункаў.
Паводле "Вестак"