Музычны каледж імя Агінскага ў Маладзечне адзначыць 4 кастрычніка сваё 55-годдзе
Мінула 55 гадоў з таго часу, як у Маладзечне расчыніліся ўпершыню дзверы музычнага вучылішча. Многія пакаленні яго выпускнікоў паспяхова працуюць на ніве мастацтва не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.
Сярод іх – оперныя спевакі, салісты і артысты аркестраў, педагогі, мастакі і майстры, кіраўнікі навучальных устаноў і мастацкіх калектываў. І ўсе яны з удзячнасцю ўспамінаюць alma mater, дзе ўпершыню далучыліся да свету музыкі і мастацтва.
Усе, хто дасведчаны ў дзейнасці Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага (былога музычнага вучылішча), могуць упэўнена сказаць: цяпер гэта адна з самых прафесійна грунтоўных творчых навучальных устаноў рэспублікі, педагагічнае ядро якой складаюць пераважна яго выпускнікі.
Музычнае падвор'е ў каледжы
Музычны каледж у Маладзечне па праву мае высокую рэпутацыю музычна-эстэтычнага і культурнага цэнтра вобласці і краіны. Яго залы і музычнае падвор’е прымаюць вялікую колькасць канцэртных праграм, фестываляў, конкурсаў. Калектывы каледжа – заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр, аркестр рускіх народных інструментаў, аркестр беларускіх народных інструментаў, духавы аркестр, біг-бэнд, змешаны хор – вядуць вялікую працу па прапагандзе музычнага мастацтва. Выставачная зала рэгулярна дэманструе цікавыя работы навучэнцаў, выкладчыкаў і мастакоў горада.
Колькасць падрыхтаваных Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжам імя М.-К. Агінскага маладых спецыялістаў налічвае 5 352 выпускнікі па 5 спецыяльнасцях і 21 спецыялізацыі. У апошнія 10 гадоў больш за 65% выпускнікоў паспяхова паступаюць ў прэстыжныя профільныя ВНУ Беларусі і за яе межамі, памнажаючы вядомасць установы.
Помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму каля Маладзечанскага музкаледжа
Пачатак 55-га юбілейнага навучальнага года плануецца надзвычай насычаным, цікавым і святочным: кожную суботу верасня ў 15.00 у вялікай зале Маладзечанскі музычны каледж імя М.-К. Агінскага чакае сустрэч са сваімі выпускнікамі.
7 верасня каледж запрашае выпускнікоў фартэпіяннага аддзялення і аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 14 верасня юбілейную эстафету пераймае народнае аддзяленне – баян-акардэон і струнныя шчыпкова-ударныя. 21 верасня чакаюцца выпускнікі вакальнага і харавога аддзяленняў, 28 верасня музычная праграма рыхтуецца для выпускнікоў трох аддзяленняў – духавікоў, струннікаў і музыказнаўцаў.
Фінальны акорд юбілейных мерапрыемстваў прагучыць 4 кастрычніка: спачатку калектыў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага ўрачыста павіншуюць з юбілеем у малой зале Палаца культуры (пачатак – у 16.00), а потым адбудзецца канцэрт заслужанага калектыва Беларусі сімфанічнага аркестра каледжа пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Беларусі Рыгора Сарокі (пачатак – у 18.00).
Сардэчна запрашаем выпускнікоў Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага на юбілейныя сустрэчы!
Жыццё каледжа
Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі
Праграма святкавання 55-годдзя Маладзечанскага музкаледжа і 45-годдзя яго сімфанічнага аркестра
Яўгенія МАЦКЕВІЧ,
загадчыца практычнага навучання Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага
Фота прадастаўлена Яўгеніяй МАЦКЕВІЧ