Гульнёвы праект “Па кніжным свеце” пачаў дзейнічаць у маладзечанскай бібліятэцы (ФОТА)
У падарожжы ў кніжны свет удзельнічаюць вучні школ, гімназій і навучэнцы каледжаў горада. Першыя два гульнёвыя праекты прайшлі ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы 9 і 14 кастрычніка.
Пра гэта парталу Край.бай паведаміла супрацоўніца Маладзечанскай ЦРБ Раіса Давідовіч.
З улікам падлеткавага ўзросту ўдзельнікаў падарожжа праходзіць у выглядзе гульнёвай праграмы па залах бібліятэкі. Удзельнікамі з’яўляюцца вучні двух школ, паміж якімі ідзе інтэлектуальнае спаборніцтва. На працягу адной гадзіны падлеткі знаходзяцца ў царстве кнігі і выступаюць у ролі як чытача, так і бібліятэкара. Пасля знаёмства з заламі яны адказвалі на пытанні. Напрыклад, дзе на маладзечанскай зямлі жыў паэт Максім Багдановіч, якія кодэксы існуюць у нашай краіне, як знайсці кнігу “Новая зямля” на паліцы… За кожны правільны адказ удзельнікі атрымоўвалі жэтоны.
9 кастрычніка ў праекце ўдзельнічалі вучні гімназій №7 і №10, 14 кастрычніка – СШ №2 і СШ №12. Прызамі адзначаныя вучні гімназіі №10 і СШ №12. Яны былі вельмі задаволеныя тым, што адстаялі гонар сваіх навучальных устаноў. Падлеткі здзіўлялі сваімі ведамі, знаходлівасцю і актыўнасцю.
І, хто ведае, можа, калісьці хто-небудзь з іх кіне камп’ютарную мышку і прыйдзе ў бібліятэку па кнігу, якая стане мудрым дарадчыкам у яго жыцці.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы будуць праходзіць на працягу года, у канцы будуць вызначаны лепшыя.
Супрацоўніца Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Раіса ДАВІДОВІЧ для Край.бай
Фота прадастаўлена Край.бай Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай