Адшукваецца мелодыя да даўняй песні з Крывічоў
У рэдакцыю Kraj.by звярнуўся Зміцер Сідаровіч - лідэр і стваральнік беларускага этна-рок-гурта "Камелот", які існаваў у 90-я гады.
Зміцер, акрамя таго, што ён музыка, дудар, аўтар і выканаўца песень, таксама займаецца збіраннем фальклору.
Як Зміцер сам расказаў парталу, яго сябар, аўтар-выканаўца Цімафей Авілін знайшоў у архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі неапублікаваныя матэрыялы да шырокавядомага зборніка "Беларуская народная творчасць". Сярод іх была песня пад назвай "Цюрэмная", запісаная, як пазначана ў дакументах, 6 жніўня 1945 года ў в. Кірыснова Асаеўскага сельсавета Крывіцкага раёна Маладзечанскай вобласці ад 60-гадовай сялянкі па прозвішчы Грышкевіч (як паведаміў Kraj.by 23 сакавіка былы жыхар Крывічоў, гэта вёска Кіржына Восаўскага сельсавета, і там шмат жыхароў з прозвішчам Грышкевіч). Запіс рабілі вядомы беларускі фалькларыст Міхаіл Грынблат, музыказнаўца, этнограф і харавы дырыжор Генадзь Цітовіч, а таксама Л.Т. Альтшулер.
Зміцер Сідаровіч і Цімафей Авілін шукаюць людзей, якія, магчыма, ведаюць мелодыю гэтай песні. Захаваўся толькі яе тэкст:
Цюрэмная
Па Віленскім саду гуляў.
С красоткай наслаждаўся -
У Віленскую цюрму папаў,
Чаго-ж так настрадаўся.
У Віленскай у цюрме сяджу,
С абродай* галавой.
Цяжолы кандалы нашу,
Нашу перад сабой.
У Віленскай у цюрме сяджу
У песні распяваю,
А сцяна ў акружным суду
Чым кажыцца ні знаю.
Там сядзяць многа прысяжных.
Закроюць разгаворы
Ацец мой стары слёзы льець,
А маць пра то ні знаець.
Што сын яе ў Лукішкі** ідзець
Ён радзіму брасаіць.
Дасць бы ў Лукішкі ні пайду
У усё про то ўзнаю.
Дасць бы на радзіму вяжусь
З друзьямі загуляць***.
* Пабрытай.
** Турма ў Вільні.
*** Арфаграфія захавана.
Па словах Цімафея Авіліна, песня была знойдзена ў сувязі з яго зацікаўленасцю так званымі "гарадскімі рамансамі" 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, які спяваліся на Беларусі. Гэта быў пераходны перыяд для краіны, калі ўвесь час мянялася ўлада, людзям жылося няпроста. На думку Цімафея, песні адлюстроўваюць тагачаснае жыццё беларусаў. "Яны спяваліся на трасянцы, таму многія даследчыкі не звярталі ўвагу на іх, - распавядае ён. - Тым больш, што "гарадскія рамансы" - гэта практычна шансон у сённяшнім значэнні. Гэта не высокая народная творчасць, але яна мае права на існаванне і паказвае тую эпоху праз простых людзей. А адбывалася, сапраўды, трагедыя, бо людзі не ведалі, як жыць. Чалавек жыў сабе спакойна, жыў, а пасля раптам мог апынуцца ці ў Бярозе Картузскай, ці ў Лукішках, ці ў іншай турме. Прыходзіла то адна ўлада, то другая. Партніха, на жаль, магла стаць прастытуткай, як спяваецца ў адной з песень, і гэта была тагачасная рэальнасць. У гэтых песнях бачна жыццё простых людзей, іх мары, праблемы, чаканні. Таксама ў гэтых песнях можна прасачыць шмат моўных з'яваў, знайсці дыялектныя словы і шмат іншага".
Па словах Цімафея Авіліна, вельмі вядомыя адэскія гарадскія рамансы, але мала хто ведае, што свой фальклор у тыя гады быў на ўсіх землях, у тым ліку на Беларусі. Спявак вырашыў запісаць цэлы альбом такіх песень, які плануе прэзентаваць у красавіку - маі. Матэрыял для яго шукаў у архівах, невядомыя мелодыі сачыняў сам, стылізаваў вядомае. Так, ён знайшоў брэсцкі варыянт вядомай у Расіі песні "Цячэ рэчачка невялічка", якую ў свой час спявалі Высоцкі і Урбанскі.
У знойдзеных беларускіх песнях таго перыяда аўтарства невядомае, у адрозненне ад адэскіх, як кажа Цімафей. Яны расказваюць пра розныя рэчы - ад турэмных матываў да сацыялістычных. На думку музыкі, гэта такі ж важны пласт культуры Беларусі, як і іншыя, але ён пакуль мала кім закранаўся.
Даведка Kraj.by. Цімафей Авілін - мінчанін, па першай адукацыі фізік-ядзершчык. Працуе старэйшым інжынерам-праграмістам ў кампаніі "EPAM". Аўтар-выканаўца песень, удзельнік шматлікіх фестываляў. Каля дзесяці год таму заняўся фальклорам, этнаграфіяй. Рыхтуе да выдання кнігу пра этнаастраномію Беларусі (навука, якая вывучае народнае тлумачэнне нябесных з'яваў, народныя астранамічныя назвы, павер'і і г.д.). Маці родам з Докшыцкага раёна, бацька - з-пад Воршы.
Калі вы што-небудзь ведаеце пра згаданую песню ці іншыя творы і факты 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, паведаміце, калі ласка, пра гэта для Зміцера Сідаровіча і Цімафея Авіліна ў рэдакцыю Kraj.by.
Паслухаць песні з новага альбома Цімафея, у тым ліку і "Цюрэмную", можна ТУТ.
Вольга РУДНІЦКАЯ