12 лютага ў Ашмянах адкрыецца выстава ўраджэнца Астравеччыны мастака Алега Драбышэўскага «Водар Радзімы»
Выстава мастака Алега Драбышэўскага «Водар Радзімы» адкрыецца 12 лютага ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча. Наведаць яе можна на працягу месяца, да 12 сакавіка.
– Арт-гадзіна “Калі душа нарадзілася крылатай” – гэта агульная назва мерапрыемства, якое прысвечана адкрыццю выставы. Нам вельмі прыемна, што адкрываць яе будзе сам Алег Драбышэўскі, які напярэдадні прыедзе ў Ашмяны, – расказала Край.бай дырэктар музея Настасся Навіцкая.
Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з карцінамі мастака, якія прысвечаны Ашмяншчыне, Астравеччыне і Смаргоншчыне: “Раніца над Віліяй”, “Плынь Ашмянкі” і іншыя.
На адкрыццё таксама прыедуць землякі Алега Драбышэўскага з Гудагайскай сярэдняй школы, вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3 г. Ашмяны, у якой існуюць эстэтычныя класы, вучні і настаўнікі Кальчунскай сярэдняй школы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Наталля Скурановіч, а таксама жыхары горада.
Даведка: Алег Драбышэўскі нарадзіўся 1 студзеня 1953 года ў вёсцы Табарышкі, якая сёння з’яўляецца адной з вуліц пасёлка Гудагай. У 1985 годзе ў Мінскім педінстытуце Алег Аляксандравіч атрымаў грамадскую прафесію кіраўніка выяўленчай студыі і мастака. На базе Інстытута ўдасканалення настаўнікаў з 1988 па 1990 гг. прайшоў курс навучання ў пецярбургскіх мастацтвазнаўцаў па спецыяльнасці “Сусветная мастацкая культура”. З 1990 года мастак Драбышэўскі жыве і працуе ў Мінску. З вялікім поспехам і шырокім рэзанансам прайшлі яго персанальныя выставы ў родным Астраўцы, Маладзечне, Заслаўі і многіх іншых гарадах нашай краіны і нават за яе межамі.
Галоўнымі рысамі творчасці Драбышэўскага з’яўляюцца непасрэднасць успрымання прыроды, лірызм і тонкасць увасаблення яе прыгажосці. Мастаку ўдаецца дасканала перадаць каляровую гаму і дэталі, што робіць яго карціны арыгінальнымі і непаўторнымі. Ён верны рэалістычным традыцыям класічнага выяўленчага мастацтва.
gudogai.schools.by
Сяргей ЮРЭВІЧ