Выстава «Горад, напісаны крокамі»

З 31 сакавіка по 26 красавіка ў Вілейскім краязнаўчым музеі пройдзе аўтарская выстава мінчанкі Галіны Левінай (жывапіс, малюнак) пад назвай «Горад, напісаны крокамі. Адваротная перспектыва», паведамляе Вілейскі райвыканкам.

Наведвальнікам прадстаўлены больш за пяць дзесяткаў аўтарскіх работ архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Галіны Левінай.

Галіна Левіна – чалавек у Беларусі вядомы і як дзейны архітэктар, рэстаўратар, і як грамадскі дзеяч, прапагандыст яўрэйскай культуры, і як дачка знакамітага акадэміка архітэктуры Леаніда Левіна. А яшчэ, як аўтар сцэнаграфіі і паэтычных зборнікаў.

Малюнкі на гэтай выставе выкананыя Галінай Левінай у розны час і ў розных месцах, і не толькі Беларусі. Сапраўды, яе гарады “напісаны крокамі”, яны літаральна “выхаджаныя” і “увабраныя” аўтарам. Алоўкі, пастэль, туш, фламастэр, блакнот сталі абавязковымі спадарожнікамі яе ванддровак і службовых камандзіровак. Асабліва Галіну Левіну прываблівае гісторыя і архітэктура малых гарадоў, дзе, як сцвярджае яна “захоўваецца ні з чым не параўнальны дух мястэчка, па-свойму ўнікальны і непаўторны”.

Сёння малюнкі архітэктара Галіны Левінай паступова становяцца рарытэтам ужо ў сілу свёй поўнай “непатрэбнасці” у сучаснай праектнай працы, бо з яе рэпрэзентацыяй паспяхова спраўляюцца камп’ютарныя графічныя праграмы. Разам з гэтым сыходзіць цэлая эпоха архітэктараў, якія ездзілі па свеце з мальбертам і алоўкам у руках.

Часы мяняюцца і зараз архітэктурны малюнак лічыцца паўнавартасным і самастойным відам мастацтва. Яго пачалі збіраць не толькі знатакі графікі, але і буйныя музеі. У Беларусі пакуль такія выставы рэдкасць.

Запрашаем на выставу, якая прадоўжыцца да 26 красавіка. Спадзяёмся, што магчыма ў некаторых нашых вілейчан, пасля наведвання выставы, з’явіцца жаданне ўзяць у рукі аловак або фламастэр і намаляваць свой горад, яго вуліцы і завулкі, архітэктурныя пейзажы і “партрэты” будынкаў – каштоўныя не толькі сваёй гісторыяй, але прыгожосцю і непаўторнасцю.

Вольга КОЛАСАВА,навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея