Выстава Рыгора Мяжуева ў Вілейцы

Часовая экспазіцыя карцін Рыгора Мяжуева "Вобразы мілыя роднага краю" працуе ў Вілейскім краязнаўчым музеі з 29 верасня да 19 кастрычніка.

З надыходам восені, што з кожным днём адчуваецца ўсё мацней, мы неўзабаве адчуваем яе філасофскі, трохі задуменны, але блізкі настрой, што абяцае ўтульнасць и пяшчоту, нешта роднае, што заўсёды прысутнічае з намі. Нібы час, што бяжыць наперад, у гэту пору трохі спыняецца, дазваляе нам адчуць гэтыя матывы паўней, пранікнуцца і аглядзецца, адпачыць.Убачыць прыгажосць родных мясцін, успомніць пра свае карані, мінулае і не пагарджаць імі. Менавіта такія думкі, такі пасыл нясе з сабой аўтар новай мастацкай выставы, што адчыняе дзверы дзяржаўнай установы “Вілейскі краязнаўчы музей”, Рыгор Мяжуеў.

Рыгор Васільевіч Мяжуеў нарадзіўся 11 сакавіка 1958 г. у в. Паддубцы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.У 1980 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў такіх знакамітых дзеячаў, як Алег Арлоў, Іван Сталяроў, Пётр Анашчанка. З 1999 г. з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Рыгор Васільевіч працуе ў галіне жывапісу пераважна ў жанрах краявіду, рэчавіду, партрэта. З 1996 г. прымае ўдзел у шматлікіх мастацкіх экспазіцыях.

Персанальныя выставы майстра: “Выстава двух” – Маладзечна (1994); Маладзечна (1998, 1999, 2001, 2001, 2005); “Акварэльныя вітражы” – Маладзечна (2006); “Восень” – Вілейка (2006); “На скрыжаванні шляхоў” – Менск (2008); “Нашчадкам Міхала Падалінскага” – Маладзечна (2010).

Работы Рыгора Мяжуева захоўваюцца ў музейных і прыватных калекцыях.

З 1985 г. мастак займаецца педагагічнай дзейнасцю, зараз працуе выкладчыкам малюнка і кампазіцыі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў. Жыве ў Маладзечне.

Камерныя, лірычныя і рамантычныяработы, у якіх нібы прасочваецца сувязьчасоў, а вобраз мінулага гарманічна дапаўняюць адценні сённяшняга часу - простыя і лёгкія да успрымання, тым не менш, за гэтым хаваецца цяжкая, карпатлівая праца мастака. Шчыра запрашаем наведаць часовую экспазіцыю, дзе пануе столькі ўтульнасці і гармоніі!