У Валожыне адкрылі філіял дзіцячага яслі-сада, які дазволіў зменшыць колькасць дзяцей у групах
Дадатковыя групы размешчаны ў будынку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, дзе калісьці знаходзіўся сацыяльны прытулак.
21 лютага ў Валожыне ўрачыста адкрылі філіял дзіцячага яслі-сада, паведамляе Mlyn.by.
На пачатак навучальнага 2021 года ў ДУА «Дзіцячы сад № 3» налічвалася 136 дзяцей. Яны выхоўваліся ў 6 групах па 27-30 чалавек. А пасля адкрыцця новых памяшканняў груп стане ўжо 8 з колькасцю да 20 чалавек у кожнай.
Дадатковыя групы арганізаваны ў былым будынку сацыяльнага прытулку. На працягу 2021 года тут быў праведзены рамонт, на які выдаткавалі 40 000 рублёў з абласнога і 206 117,49 рубля з раённага бюджэтаў.
– Тут створаны неабходныя ўмовы для ўсеагульнага развіцця дзяцей. Але тым не менш, плануем яшчэ знайсці магчымасць, каб пераабсталяваць трэці паверх для дзвюх груп дашкольнікаў, – удакладніў на адкрыцці старшыня Валожынскага райвыканкама Яўген Круковіч.
Для зручнасці арганізаваны асобныя спальныя памяшканні і гардэробны пакой для верхняга адзення.
Месцы для навучання дзяцей абсталяваны сучаснай мэбляй. Ёсць куток для заняткаў па пажарнай бяспецы і правілах дарожнага руху.
Для гульняў на свежым паветры для дзяцей абсталююць новыя пляцоўкі.
Для выхавацеляў таксама маецца інфармацыйны цэнтр.
Фатаграфіі з сайта mlyn.by