На падтрымку агратурызму ў Валожынскім і Маладзечанскім раёнах урад Германіі выдаткаваў 11 тысяч 500 еўра (ФОТА)
У Валожынскім і Маладзечанскім раёнах працягваецца рэалізацыя праекта па падтрымцы агратурызму. Грант на праект у памеры 11,5 тысяч еўра ад урада Германіі атрымала грамадскае аб'яднанне інвалідаў «Асаблівы свет».
Каардынатар праекта ў Беларусі – гаспадар сядзібы «Марцінова Гусь» Валожынскага раёна Алесь Белы.
На пачатку лістапада Алесь плануе сабраць у Маладзечне круглы стол на тэму «Сувеніры, годныя прадстаўляць Маладзечанскі раён». Край.бай акажа інфармацыйную падтрымку гэтаму мерапрыемству.
У інтэрв'ю нашаму парталу Алесь Белы расказаў:
– Ад ліпеня, калі быў атрыманы грант, ужо зроблена вялікая работа па распрацоўцы ўзораў сувеніраў па тэме культурнай спадчыны двух раёнаў Мінскай вобласці – Валожынскага і Маладзечанскага. Сёння мы маем даволі прадстаўнічую калекцыю ўзораў сувеніраў для іх абмеркавання. Таксама мы праводзілі майстар-класы па гэтай тэме і прыцягненні інвалідаў для ўдзелу ў культурным жыцці нашых раёнаў.
Вось некалькі прыкладаў узораў сувеніраў па Валожынскім раёне.
Распрацаваны герб Івянецкага графства прыжыўся, і нават маршруткі «Мінск-Івянец» ездзяць з гэтым гербам. Нешта падобнае плануецца зрабіць і з Маладзечанскім графствам
Лагатып Налібоцкай Пушчы
Ідэю сувенірнай манеты “ракаўскага паўгроша” падказаў Васіль Грынь. Эскіз выканаў Алег Раманоўскі, форму распрацаваў Мікалай Бузук, першы спробны наклад адштампаваў і абпаліў Міласлаў Раманоўскі
Фінансаванне на рэалізацыю праекта «Рэгіянальныя сувеніры як спосаб умацавання патэнцыялу мясцовых агратурыстычных суполак» у рамках праграмы падтрымкі Беларусі федэральным ўрадам Германіі ад грамадска-карыснага таварыства «Міжнародны адукацыйны цэнтр» атрымала грамадскае аб'яднанне інвалідаў «Асаблівы свет».
Мэта праекта – стварэнне пазнавальных формаў сувеніраў і іх увядзенне ў сельскі турызм з актыўным удзелам людзей з інваліднасцю.
Старшыня грамадскага аб'яднання інвалідаў «Асаблівы свет» Алена Сяркульская расказала Край.бай:
– Для мяне стварэнне ўзораў сувеніраў стала сапраўдным адкрыццём. Вельмі таленавітыя, цудоўныя людзі гэтым займаюцца. Галоўнае, што праект рэалізуецца ўпершыню. І не спецыяльна для інвалідаў. Але з актыўным іх удзелам у культурных працэсах. Для нас праводзяцца майстар-класы, мы вывучаем гісторыю края. Усё гэта дазваляе нам рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Інваліды атрымліваюць магчымасць паўдзельнічаць у распрацоўцы экскізаў сувеніраў, выкананні этапаў работы і надалей, магчыма, нават працаўладкавацца.
Па словах Алеся Белага, падчас рэалізацыі праекта вывучаецца мастацкі досвед вядомага ў Беларусі рэгіёну ганчарнага промыслу «Івянец-Ракаў- Гарадок-Радашкавічы». У праекце ўдзельнічаюць рамеснікі (ганчары-керамісты), мастакі, гаспадары агра-турыстычных сядзібаў, інваліды з творчымі магчымасцямі.
Вось прыклады ўзораў сувеніраў па Маладзечанскім раёне. У іх стварэнні ўдзельнічаюць аўтар Наталля Тараскіна з Маладзечна, майстар па шкле Васіль Рубцоў з Валожынскага раёна. Каардынуе выраб сувеніраў мастак-кераміст Ліна Цывіна з Гарадка
Легенды і паданні пра ўтварэнне Маладзечна
Дэкаратыўнае пано
Сувенірная кукла «Ахоўнік»
Кубак з гербам Агінскіх
Алесь Белы адзначыў: ён спадзяецца, што супрацоўніцтва рамеснікаў і гаспадароў турыстычных сялянскіх аграсядзібаў стане прадукцыйным. Зробленыя сувеніры будуць прадавацца. А інваліды атрымаюць магчымасць зарабіць, і гэта стане стымулам для іх сацыяльнай адаптацыі.
Сяргей ЗЯНЬКО
Фота для Край.бай забяспечана Алесем БЕЛЫМ
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter