У касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы асвяцілі новапабудаваны алтар Божай Міласэрнасці
20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара сусвету, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі асвяціў новапабудаваны алтар Божай Міласэрнасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.
Як адзначыў пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Барыла, гэты гістарычны дзень будзе ўпісаны ў летапіс вілейскай святыні, паведамляе catholic.by.
У цэнтры новага бочнага алтара знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага, па баках усталяваны фігуры апосталаў міласэрнасці – св. Фаўстыны і св. Яна Паўла ІІ.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што мэта надзвычайнага юбілейнага года, які 20 лістапада завяршыўся ў Паўсюдным Касцёле, заключалася ў тым, каб звярнуць увагу на аспект Божай Міласэрнасці, без якой мы не можам увайсці ў Божае Валадарства, а таксама на аспект міласэрнасці аднаго чалавека ў адносінах да іншага.
Асвяціўшы алтар, біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў, каб ён не толькі ўпрыгожваў святыню, але і збіраў на малітве вернікаў розных пакаленняў, каб як мага больш людзей адкрыла сваё сэрца на Божую міласэрнасць. Іерарх заахвоціў усіх парафіянаў прыходзіць да новага алтара са сваімі крыўдамі, клопатамі і смуткам.
Напрыканцы эўхарыстыі ксёндз Аляксандр Барыла падзякаваў Богу і шматлікім ахвярадаўцам, якія сваёй малітвай, працай і ахвярамі дапамагалі ў пабудове новага алтара. Са словамі падзякі святар звярнуўся і да біскупа, які асвяціў алтар. Біскуп Юрый Касабуцкі, у сваю чаргу, падзякаваў святару за працу.