Началась дискуссия по поводу сноса исторического здания в центре Вилейки
Сергей Гончар, директор Вилейского краеведческого музея, считает, что уничтожить архитектурный памятник - легко, но попробовать его восстановить – знак того, что человек готов ценить свое наследие.
Сайт «Шляха Перамогі» опубликовал письмо-ответ Сергея Гончара, директора Вилейского краеведческого музея, на статью, в которой предлагалось высказать свое мнение по поводу сноса холодильника КУП "Содружество". Приводим письменное суждение Сергея Гончара без изменений.
«Гандлёвы дом замест халадзільніка... Гучыць так, як быццам мы маем справу са звычайнай скрынкай. А на самой справе гэта сапраўдная перліна архітэктуры польска-савецкага перыяду для нашага горада.
Дазвольце мне не пагадзіцца з радкамі: «...холодильник КУП «Содружество», выходящий фасадом на улицу Партизанскую, понятно, не вписывается в её интерьер...» Паўстае адразу пытанне – а што зможа ўпісацца? Можа, панэльная каробка ці шматпавярховы гмах? Велічны будынак з адметным порцікам і калонамі, – што можа быць прыгажэй і змястоўней побач са стогадовым касцёлам, векавым паркам, царквой і прыгожай плошчай.
Менавіта гэты будынак з'яўляецца завяршэннем забудовы гістарычнай часткі нашага горада, з былымі яўрэйскімі крамамі па вуліцы Савецкай, з будынкамі былой польскай гімназіі, з былым банкам і гатэлем, на якім красуецца прыгожы балкон, адкуль першы фатограф Вілейкі Берка Берман зрабіў непаўторныя панарамныя здымкі вуліцы Савецкай падчас кірмашу (зараз будынак РВПС «Белтэлекам»), з будынкамі польскага казначэйства, Вілейскага аблвыканкама і савецкага гатэля (зараз КУП «Садружнасць»), былога гарадскога тэатра, Дома Сацыялістычнай культуры, некалі Дома піянераў і г.д.
Але галоўнае, што гэта не толькі пазіцыя музейшчыкаў, а і тых людзей, якія з'яўляюцца знакавымі для гісторыі нашага горада, сапраўднымі творцамі і прафесіяналамі – Б.Б. Цітовіча, А.І. Капцюга, Э.У Мацюшонка і іншых рупліўцаў сваёй Радзімы.
Гісторыя будынка «халадзільніка» вельмі цікавая, і ў той жа час – таямнічая.
Як вядома, Вілейшчына да 1939 года была «Усходнімі Крэсамі» Польшчы і за 20-гадовы перыяд часу ў нашым горадзе было ўзведзена шмат велічных і прыгожых архітэктурных будынкаў, якія зараз па праву аб'яўлены помнікамі гісторыі і культуры. Гэта і жылы дом у стылі «мадэрн» па вуліцы Чырвонаармейскай, які месціцца каля прыпынка «Бальніца». Шыкоўны дваравы фасад, са стылізаваным двухкалонным порцікам, балконам, і адметнай унікальнасцю будынка – рознымі па форме і велічыні вокнамі. Стаматалагічная бальніца – помнік неаготыкі і класіцызма, які пасля рэстаўрацыі заззяе ўсёй сваёй велічнасцю. І шмат іншых будынкаў, якія ствараюць непаўторны каларыт нашага ўтульнага горада на Віліі.
Некаторыя старажылы распавядаюць, што «халадзільнік» быў пабудаваны пры Польшчы і з'яўляўся клубам-казіно для польскіх афіцэраў. А даследаванні супрацоўнікаў музея ў архівах выявілі дакументы, якія сведчаць пра тое, што гэты будынак узводзілі як абласны кінатэатр (з 1939 па 1944 гг. існавала Вілейская вобласць з абласным цэнтрам – г. Вілейка).
Аднак, у знойдзеных дакументах больш пытанняў, чым адказаў. І гэта зразумела, бо ішла нацыяналізацыя польскай маёмасці і амаль усе будынкі змянялі сваё першапачатковае прызначэнне. У той жа час, выдаткоўваліся вялізныя грошы для будаўніцтва новых аб'ектаў абласнога падпарадкавання. Таму ў тыя часы, магчыма,было ўсё і гэты будынак маглі прыстасаваць пад кінатэатр, а на паперы паказаць іншае.
Але гэта не галоўнае. Для мяне як гісторыка і чалавека, які хварэе за свой горад, будынак па вуліцы Партызанскай непаўторны сваёй архітэктурай і велічнасцю. І становіцца вельмі балюча, калі я чую гаворку пра яго разбурэнне. Знішчыць вельмі лёгка, а вось пабудаваць адметнасць вельмі і вельмі цяжка. Тым больш, і той жа гандлёвы цэнтр можна прыстасаваць у гэтым будынку, бо пашкоджанні яго не такія значныя, а сцены моцныя і трывалыя. Унутраная прастора дае магчымасць для здзяйснення любых задум архітэктараў.
А заканадаўства дазваляе рабіць перамены ўнутранага асяродка помніка (не дзяржаўнага значэння), без зменаў яго знешняга аблічча. Ёсць гатовы прыгожы і адметны будынак, застаецца ўладкаваць яго і не трэба будаваць новы. Ці нават не глядзець ў бок чужога, а даць магчымасць больш поўна паказаць моц свайго мясцовага, рэгіянальнага – адчыніць у гэтым будынку фірменныя крамы нашых вядучых прадпрыемстваў: «Буддэталі», «Мэблевая фабрыка», «Малаказавод», «Хлебазавод» і іншых, арганізаваць продаж вырабаў народных майстроў, творы якіх адлюстроўваюць нашу самабытнасць. Зрабіць брэндавы комплекс Вілейшчыны з дэманстрацыйнымі заламі, з кавярняй, дзе можна паспрабаваць дзесяткі сартоў кавы, з дзіцячым кафэ. Было б жаданне, а падумаць над гэтым можна, ды і зрабіць для горада талакой такое адметнае месца, куды і самаму хочацца схадзіць і гасцей не сорамна прывесці.
А
маль, у кожным нумары «СБ. Беларусь сегодня» гаворыцца пра аднаўленне нашай спадчыны, аб прыстасаванні помнікаў архітэктуры пад гатэлі, рэстараны іншыя аб'екты інфраструктуры. Шматлікія беларускія гарады могуць «пахваліцца» будынкамі, якія некалі верай і праўдай служылі людзям, а зараз з'яўляюцца непатрэбнымі. Нашай задачай павінна стаць накіраванасць на іх адраджэнне, дзе б яны не былі – ў горадзе ці на вёсцы.
Я ўпэўнены, што нашчадкі будуць вельмі здіўлены таму, як іх нядаўнія продкі былі настолькі чорствыя і абыякавыя, што ў мірны час без войнаў з іх разбурэннямі, у час «тварэння», змаглі страціць непаўторныя прыклады гістарычнай спадчыны. Нават пасля вызвалення Вілейкі, у 1944 годзе, калі засталося ў горадзе толькі 20 працэнтаў будынкаў, а астатнія стаялі ў руінах, нашыя бацькі і дзяды не зруйнавалі іх рэшткі, а аднавілі і рэстаўрыравалі. Таму мы зараз можам хадзіць па вуліцы Савецкай, любавацца іншымі архітэктурнымі перлінамі горада, а нашыя госці адзначаць наколькі ўтульная наша Вілейка, бо яна мае свой асаблівы гістарычны каларыт. Нават, сярод еўрарамонту бабулін вышываны ручнічок на абразе дае столькі цяпла, столькі ўтульнасці, што ні дасць не адна навамодная рэч.
У такіх выпадках мне ўзгадваюцца радкі з амерыканскага турыстычнага даведніка па Беларусі, якія некалі мяне вельмі ўзрушылі і прымусілі задумацца над нашай годнасцю. А гаварылася там наступнае: «...таямнічая і незразумелая для большасці амерыканцаў і еўрапейцаў Беларусь застаецца загадкай ў самым цэнтры Еўропы... Наведаўшы горад Мінск, абавязкова пабывайце за межамі сталіцы, у малых гарадах, бо вы там знойдзеце такія скарбы, якія ўжо даўно не вядомы астатняму свету: некранутасць і непаўторнасць прыроды, лясы, балоты, рэкі, азёры, гістарычныя помнікі, пачынаючы з сярэднявечча, прыгожыя цэрквы і касцёлы, найцікавейшыя старажытныя звычаі і шмат іншага. А галоўнае, – сапраўднае цяпло людзей, якія лічаць, што астатні свет ці забыўся на іх, ці не зацікаўлены ў іх дабрабыце ... беларусы не надта цікавяцца захаваннем сваёй ўнікальнай спадчыны, бо, напэўна, не разумеюць, чым валодаюць...».
Давайце будзем цаніць тое, што нам пакінулі ў спадчыну і не будзем аддаваць перавагу «архітэктуры глабалізма і атракцыёна», а захоўваць рэгіянальныя стылі, што базіруюцца на мясцовых традыцыях.
Шануючы сваё нацыянальнае, сваю спадчыну,мы будзем годны павагі сярод іншых...».