Опубликовано: 29 января 2022, 10:26
1099

«Менш думайце аб тым, што вам нехта нешта павінен. Ты жывы – ужо добра». 97-гадовая бабуля з Вілейшчыны расказала пра свае жыццё

Чай з ліпы, мяты, чабару. З харчавання – прадукты ўласнай вытворчасці. Ніколі не баялася працы. У вёсцы Тарасавічы на Вілейшчыне жыве 97-гадовая Марфа Восіпаўна Блізнюк.

«Шлях перамогі» завітаў да яе і даведаўся, у чым сакрэт даўгалецця і як захаваць маладосць.

Марфа нарадзілася ў 1925 годзе, у час вайны ёй было шаснаццаць гадоў. Яна і зараз памятае кожны страшны дзень таго часу. Успамінае моманты вайны – і плача. Немцы, партызаны, кулі над галавой. Але Марфе наканавана было жыць. У сям’і было чацвёра сясцёр, наша гераіня перажыла ўсіх, хаця і не самая малодшая.

Шмат было кавалераў і сваты прыходзілі, але замуж яна так і не выйшла. Усё сваё жыццё прысвяціла клопату пра родных і блізкіх. Дзяцінства і юнацтва правяла ў роднай вёсцы, працавала ў мясцовым калгасе. У 1963 годзе пасля смерці бацькі пераехала ў Оршу да сярэдняй сястры. Там адпрацавала дваццаць гадоў на заводзе.

– Праца на заводзе была цяжэйшая, чым у калгасе, – узгадвае бабуля. – Працаваць прыходзілася ў тры змены. Але мы тады былі маладыя, не думалі пра сябе. Хадзіць на танцы не было часу. У выхадныя заўжды ішла ў царкву, малілася аб здароўі родных. Цяжкія былі часы, баялася дазволіць сабе іншы раз цукерку. Якое было харчаванне? Еш так, каб заставацца галодным. Паляўнічы заўсёды злёгку галодны. Менш думайце аб тым, што вам нехта нешта павінен. Ты жывы – ужо добра. Гэта ў мяне з часоў вайны. Мы заўсёды адчувалі ўдзячнасць за кожны пражыты дзень. Майце зносіны, ідзіце на сустрэчу, будзьце прасцей, з дабром стаўцеся да людзей, не збірайце злосць, не зайздросціце, ідзіце сваім шляхам.

Адпрацаваўшы на заводзе да пенсіі, яна вярнулася ў родную вёску. На сваёй зямлі займалася гаспадаркай, шмат працавала ў полі. Яе захапленне на працягу жыцця – царкоўны хор, дзе яна спявае. Сэрца і душа заўсёды чыстыя і адкрытыя для зносін. Вельмі любіць і чакае, калі да яе прыязджаюць унукі і дзеці. Заўсёды сустракае ўсіх з накрытым сталом. На жаль, ужо не засталося ў сяле яе ніводнай сяброўкі.

Са слоў Марфы Восіпаўны, у яе сям’і па лініі маці ўсе дажывалі да 100 год. Маці яе пражыла 99 гадоў. Марфа расказвае, што за ўсё сваё жыццё ніколі не прымала моцныя лекі. Асабліва і не хварэла, не ляжала ў бальніцы. Шмат працавала, не дазваляла сабе ленавацца. Усё жыццё п’е толькі травяныя чаі, якія збірае сама ўлетку, на Івана-Купала асвячае зёлкі ў царкве.

– За апошні год вельмі палюбіла каву, – усміхаецца бабуля. – Вось вып’ю кубачак і зноў адчуваю сябе бадзёра.

Яе асаблівай рысай зяўляецца тое, што яна вельмі спакойны чалавек. Нішто не можа яе пахіснуць. Імкнецца ва ўсім бачыць толькі добрае.

– Я стараюся трымацца далей ад непрыемных людзей, мясцін і рэчаў. Я заўсёды выглядаю задаволенай і ўдзячна свету за тое, што маю, напэўна, гэта і есць мой сакрэт, – працягвая Марфа Восіпаўна.

Парада ад бабулі Марфы:

Каб пражыць доўга, трэба мець светлую душу, чыстае сумленне і добрае сэрца. Як жа ты зможаш жыць, калі сумленне грызе кожны дзень, ці сэрца з душою кідаецца? Трэба жыць, каб несці людзям цеплыню і радасць.

Юлія ЖУК
Фота аўтара

Читайте также

Команда учащихся медколледжа из Молодечно стала победителем областного конкурса художественной самодеятельности
Областной конкурс самодеятельного художественного творчества среди учащихся медицинских колледжей Минской области проходил в Слуцке. Первое место заняли учащиеся из Молодечно.
Баня загорелась в Вилейском районе от оставленных в ведре углей
В агрогородке Илья Вилейского района вечером 8 декабря вспыхнула деревянная баня. Обошлось без пострадавших. Повреждены стены и потолок в предбаннике.
Вратари летают, полевые игроки ложатся костьми, военные берут первые очки – мини-футбол в Молодечно достиг своего экватора
В спортивно-развлекательном центре Молодечно 1 декабря девятым туром завершился первый круг открытого чемпионата города по мини-футболу. На экваторе турнира первой финишировала вилейская «Мехатроника», а служивые воинской части МСКА набрали свои первые три очка.