Опубликовано: 23 февраля 2012, 16:07
27

Алесь Белы - пра сённяшняе свята судака ў Вілейскім каледжы

Нагадаем, што сёння ў Вілейскім прафтэхкаледжы праходзіць Дзень судака. Вядомы блогер, гісторык, этнограф, уладальнік аграсядзібы "Марцінова гусь" на Валожыншчыне Алесь Белы правёў даследаванне гісторыі гэтага свята ў Вілейцы і Беларусі.

“Наша Страва” [праект Алеся Белага на сайце budzma.org], а дакладней, Сяргей Харэўскі, ужо пісалі некалі пра судака – адну з найбольш смачных рачных рыб у многіх славянскіх кухнях, у тым ліку ў беларускай. Аднак пра ўласна беларускага судака як пра культурную з’яву, да нядаўняга часу мала што канкрэтнага можна было сказаць. Што ж, магчыма, цяпер становішча пакрысе зменіцца: ужо трэці год запар у Вілейцы адзначаюць Дзень Судака – сёлета прымеркаваны да 23 лютага.

Вілейскае вадасховішча прыйшлося даспадобы судаку, бадай, ад самога стварэння гэтага самага вялікага ў штучнага вадаёма Беларусі ў 1968 г. Паколькі ў БССР не існавала ніякіх публічных механізмаў функцыянавання такіх нефармальных сімвалаў, слава вілейскага судака распаўсюджвалася выключна вусна. А адным з яе надзейных індыкатараў была традыцыя абавязкова надзяляць кожнага рэвізора або важнага “камандзіровачнага” ў Вілейку – з Менска, Масквы ці яшчэ аднекуль – менавіта судаком. Гэткім рэпрэзентатыўным падарункам: гэтаксама з Нарачы везлі вугра, а з Клімавічаў – аднайменны бальзам.

Яшчэ ў тыя далёкія гады Ігару Кіцікаву, тады адказнаму за выхаваўчую працу ў мясцовым прафесійна-тэхнічным каледжы, які рыхтуе кухараў, запала ў галаву думка “ўзаконіць” стыхійную народную традыцыю. Такая магчымасць надарылася толькі праз шмат гадоў, калі ён быў прызначаны дырэктарам каледжа (па-старому – вучэльні). І вось тры гады таму Кіцікаў выступіў з ініцыятывай адзначаць штогод у Вілейцы агульнанацыянальнае свята судака. Не дачакаўшыся, прадказальна, аніякага адказу ад большасці беларускага грамадства, ён пачаў праводзіць гэты імправізаваны фэст уласнымі сіламі – абапіраючыся на “адміністратыўны рэсурс”, які быў у ягоным распараджэнні.

Так склалася, што ў нефармальнай рыбацкай супольнасці Беларусі найбольш статуснай і міфалагізаванай лічыцца менавіта зімовая лоўля судака. Існуе своеасаблівы “закрыты элітарны клуб” рыбакоў, які склаўся ў пачатку 1980-х на “Мінскім моры”, але калі рыба там звялася, перакачаваў на Вілейскае вадасховішча і вось ужо прыкладна чвэрць стагоддзя культывуе гэты своеасаблівы спорт менавіта там. Інфармацыя пра самыя выніковыя блёсны, самыя панадныя мясціны раўніва аберагаецца сябрамі клуба, уступіць у які, бы ў масонскую ложу, можна толькі пасля надзейнай і абгрунтаванай рэкамендацыі і нефармальнай ухвалы навічка ўсімі дзейнымі чальцамі. Менавіта гэта і вызначыла сезон для Дня судака. Свята гэтае, прынамсі першыя 2 гады, мае пакуль досыць закрыты фармат, абмежаваны сценамі каледжа. Конкурс на найлепшую загадзя вызначаную страву з судака – напрыклад, судак у цесце – сярод некалькіх каманд навучэнцаў (дакладней, навучэнак) каледжа.

Трохі выступаў мастацкай самадзейнасці. Сціпла. Прыемна, праўда, што рыбу для ўдзельнікаў конкурсу пастаўляюць рыбакі з таго самага элітарнага клуба. Ініцыятару, канечне, марылася пра большае – бо ён і помнік судаку хацеў бы ўсталяваць! – але, памятаем, ён умее чакаць.

Прыклад таго, як можа выглядаць такое свята, калі атрымлівае больш шырокую падтрымку грамадства, – перад вачыма. Амаль сінхронна з вілейскім Днём судака ў Паланзе адбываецца штогадовае Свята стынкі – Palangos Stinta. Розніца паміж закрытым, “камерным” фарматам беларускага фэсту і шырокім размахам літоўскага ўражвае. У Паланзе можна не толькі паласавацца смачнай стынкай, але і ўзяць удзел у забаўляльных акцыях і народных гуляннях: зляпіць снежную «бабу» ў выглядзе стынкі, паспаборнічаць, хто больш з’есць рыбы, паспрабаваць хутчэй за ўсіх выцягнуць на бераг сапраўдную рыбацкую лодку. І ўсё гэта пад бадзёрую музыку шматлікіх народных ансамбляў. У Дзень стынкі на пляжы і вуліцы Палангі (асабліва на галоўную, бясконца доўгую Басанавічуса, якая спрэс складаецца з рэстаранаў і кавярняў) высыпае процьма народу, нібы ў самы гарачы дзень лета.
Вось менавіта гэтага духу сапраўднага фэсту, адкрытага паветра і народнай весялосці і бракуе пакуль тутэйшаму Дню судака.

Бракуе адмысловых рыбацкіх конкурсаў (прыгадаем хаця б традыцыйныя, шырока некалі распаўсюджаныя на беларускіх кірмашах “рыбныя латарэі”). Закрытых для машын цэнтральных вуліц і плошчаў. Візуальных сімвалаў – судакоў з дрэва, пластыку, металу, гліны, лёду і снегу – у выглядзе сувеніраў, шыльдаў, постараў, інсталяцый. Гэткай своеасаблівай “судакаманіі”, здаровай судаковай “шызы”! Разнастайнасці рэцэптаў з судаку, не выключаючы і традыцыйных, правераных часам беларускіх, літвінскіх, “крэсовых”. Шырокай кааперацыі з мясцовымі рамеснікамі, рэстаратарамі, гатэльерамі, спартоўцамі, музыкамі, аніматарамі, рыбакамі. Доўгай папярэдняй рэкламнай кампаніі ў СМІ.

На маю думку, застаецца адкрытым і пытанне пра найлепшы для фэсту сезон. Лета, дакладней яго пачатак, калі ў судака ідзе паслянераставы “жор”, магло б і турыстаў значна болей прывабіць, і даць магчымасць злавіць сапраўднага судака большай колькасці аматараў. Зрэшты, зімовыя святы таксама могуць быць масавымі і відовішчнымі, як сведчыць, напрыклад, поспех ракаўскай “Завірухі” – фэсту гонак на сабачых запрэжках. Але драматургія і візуальны бок свята мусяць быць на вышыні.

У кожным разе, хочацца пазычыць вілейскай ініцыятыве як мага хутчэй выбіцца на шырокую дарогу і набыць той самы агульнанацыянальны размах, стабільнасць і пазнавальнасць, пра якія даўно марыць Ігар Кіцікаў. Без такіх святаў ані замежнага турыста ў краіну не завабіць, ані нацыянальнай кухні і харчоваму экспарту не надаць патрэбнага прэстыжу, ані самім жыхарам краіны не падарыць магчымасць якаснага, годнага, змястоўнага ды вясёлага адпачынку. Будзьма з Днём судака!

Алесь БЕЛЫ, budzma.org


Судак, запечаны па-літоўску

1 кг судака
250 г сала
50 г таркаванага хрэну
2 жаўткі
Зеляніна, соль, перац, лімонны сок – на смак

Ачышчанага і вытрыбушанага судака вымыць, разрэзаць уздоўж напалам, дастаць хрыбет, пакроіць наўскасяк на порцыі, пасыпаць соллю і перцам, паліць лімонным сокам і пакінуць у халодным месцы на 30 хвілін. Затым нашмараваць хрэнам, змяшаным з жаўткамі і пакрышанай зелянінай, абкласці тонкімі скрылькамі сала, абвязаць ніткай, пакласці ў брытвану і запячы. Пасля запякання сала і нітку выдаліць, выкласці на паўмісцы. Можна ўдэкараваць лімонам і таматамі.

Судак па-польску

1 кг судака
лімонны сок
1 морква, 1 пятрушка, 1 корань сельдэрэю, 1 цыбуля
3 лаўровыя лісткі
3 каліўцы духмянага перца і некалькі звычайнага
2 лыжкі масла
3 крутыя яйкі
Соль

Ачысціць і вытрыбушыць судака, галаву пакінуць, вымыць. Нацерці соллю і паліць лімонным сокам. Пакінуць у халодным месцы на 30-60 хвілін. Гародніну заліць 1,5 л вады, дадаць прыправы і варыць каля 20 хвілін. Дастаць гародніну і пакласці ў адвар рыбу (пажадана ў доўгую пасудзіну, каб рыба змясцілася цалкам). Варыць яшчэ каля 20 хвілін. Выкласці на паўмісцы, паліць таплёным маслам, змяшаным з яйкамі, пакрышанымі кубікамі.


Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter

Читайте также

В Браславском районе «Ауди» въехал прямо во двор местного жителя
ДТП случилось 20 января в агрогородке Слободка.
В Беларуси в 2021 году зарегистрировано рекордное количество сделок купли-продажи квартир
В 2021 году в нашей стране продано на 21% квартир больше, чем в 2020 году. Количество проданных квартир в минувшем году является наилучшим показателем последних 10 лет.
В Вилейке самому «возрастному» папе под 50, самой молодой маме нет и 18 лет
Во сколько лет вилейчане чаще всего становятся родителями, как называют детей, а также о самых возрастных и молодых родителях, портал Kraj.by узнал в Вилейском ЗАГСе.