Выстава «560?» у Вілейцы

У выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея з 11 лістапада працуе выстава, якая прысвечана 560-годдзю горада Вілейка, а дакладней першага згадвання ў пісьмовых крыніцах. Патрапіўшы на выставу наведавальнік сапраўды можа здзейсніць падарожжа па гораду, апынуцца на вуліцах і плошчах Вілейкі 1920-30-х гадоў, завітаць у вілейскі парк, пабачыць горад і яго жыхароў у розныя часы – як жылі і чым займаліся вілейчане, як апраналіся і праводзілі свой вольны час. На выставе прадстаўлены матэрыялы толькі з фондаў вілейскага краязнаўчага музея, а гэта: дакументы, мастацкія творы, фотаздымкі, асабістыя рэчы вілейчан, якія ў розныя часы былі перададзены ў музей.

Чаму 560? І колькі год Вілейцы?

На гэта пытанне таксама знойдзеце адказ, наведаўшы выставу.

Датай першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах Вілейкі сёння прынята лічыць год 1460 “двор Куранец на Вяллі або Стары Куранец”. 16 лістапада 1460 года адбыўся межавы суд паміж уладаннямі Віленскага Біскупства і князя Войцеха Манівідавіча на якім згадзіліся паўдзельнічаць і “кролевске куренчане Сенко а Рошчына, а Лукян” разам з іншымі “чудзыми людзми аказаліся сведкамі на копном судзе, о земи о бортней , о сеножатях, што по Сервечы”. На той час, недалёка адзін ад аднаго былі два двары Куранцы: на Вяллі – Куранец велікакняжацкі, каралеўскі і Куранец на Пеле – прыватнаўласніцкі. У 1567 годзе ў “Літоўскай метрыцы” упершыню ўпамінаецца мястэчка Куранец на Вяллі або Куранец каралеўскі. І так да пачатку 17 стагоддзя Вілейка мела такую назву.

Колькі ж год Вілейцы?

Горад Вілейка ўтвораны 3 мая 1795 года. Аднак горад узнік не на пустым месцы. Ён заснаваны там, дзе ўжо былі і сяло (верагодна з XII стагоддзя), і двор (не пазней XIV стагоддзя), і мястэчка (не пазней 1567 года).
Таким чынам, разваючы аб узросце Вілейкі, трэба гаварыць пра генэзіс – працэс утварэння гэтага населенага пункта.
Запрашаем на выставу, якая будзе адкрыта для наведвальнікаў да 30 лістапада 2020 года.

Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік музея