Опубликовано: 12 января 2022, 19:22
433

«Пражылі разам так доўга, бо жыццё наша цяжкім было» – Глафіра і Віктар Бандарэнка са Смаргоні адзначылі брыльянтавае вяселле

Яны разам пражылі 60 гадоў.

Брыльянтавыя юбіляры вывелі сваю тэарэму сямейнага даўгалецця: «Пражылі разам так доўга, бо жыццё наша цяжкім было», піша «Светлы шлях».

«Гнілую бульбу па полі збіралі, вераб’ёў лавілі і смажылі. Во дзе жыццё было»

На працягу ўсёй размовы яны не-не дый і вярталіся да тэмы ваеннага ліхалецця. На лацкане жакета, які зрэдку надзявае Глафіра Бандарэнка, сярод юбілейных медалёў, ёсць узнагарода, каштоўнасць якой вызначыць немагчыма, – «Вязень нацызму».

– Вялікая Айчынная вайна забрала ў мяне бацьку і брата. Старэйшым сёстрам удалося ўцячы ў лес, а маме і нам, пецярым меншым дзецям, немцы загадалі ісці ў канец нашага Растава. Там ужо было шмат нашых аднавяскоўцаў. Усіх  пагналі шарэнгай з сабакамі у канцлагер «Азарычы». Ад вёскі да лагера было амаль трыццаць кіламетраў, – успамінае Глафіра Іларыёнаўна. – Хто адставаў ад калоны, тых адразу забівалі. Дзядуля мой у дарозе спыніўся і кажа: «Дзеткі мае, ідзіце, я ўжо не здолею». Сеў, а немцы яго – бах і прыстрэлілі.

Ледзь не забілі ў канцлагеры і саму маленькую Глафіру.

– Не ведаю за што, прыставілі да сцяны. А мама плакала і прасіла, каб у яе першую стралялі, каб не бачыць, як на яе вачах гінуць дзеці. Прыйшоў немец, увесь у крыжах, паглядзеў, нешта гыркнуў – і нас адпусцілі. Практычна ўвесь Растаў у вайну спалілі, наша хата ўцалела, бо ў ёй кватэраваліся немцы, а ў гумне іх коні стаялі. Дзякуй Богу было куды нам, саслабелым, хворым, галодным, вярнуцца з «Азарычаў. Мама доўга не пажыла. Я нават не ведаю, у колькі гадоў яна памерла, – расказвае Глафіра Іларыёнаўна.

– На вайне загінуў і мой тата, – зазначыў Віктар Рыгоравіч. – Бацькі выхоўвалі чацвёра дзяцей, двое – памерлі ад тыфу за адну ноч. Мяне хвароба таксама не абмінула, але выжыў. Мы ўцяклі ў лес, а паблізу нашай вёскі бой быў. Партызаны ў нашым доме параненых хавалі. Немцы спалілі яго разам з людзьмі.

Пасля вайны Віктар Бандарэнка жыў ў зямлянцы.

– Не было чаго есці, гнілую бульбу па полі збіралі, вераб’ёў лавілі і смажылі. Во дзе жыццё было. А то кажуць цяпер у Беларусі дрэнна, у Казахстане дрэнна. Так кажуць тыя, хто сапраўдных цяжкасцей не бачыў, – расказвае Віктар Рыгоравіч.

«Шчаслівыя, бо дагэтуль разам»

З ваеннай тэмы мы перайшлі да рамантычнай. «Маладыя» распавялі пра гісторыю знаёмства. Віктар жыў на Любаншчыне, працаваў у леспрамгасе, прыехаў на Гомельшчыну нарыхтоўваць лес. Глаша працавала паштальёнам. Пазнаёміліся на танцах. 

– Год сустракаліся, Віця прыходзіў да мяне дадому, пісьмы пісаў. Адносіны былі трапятлівыя, шчырыя, ніякіх вольнасцяў сабе не дазвалялі, – зазначае гаспадыня. – Нам было па 24 гады. Вяселле вырашылі ладзіць на праваслаўныя Каляды. Родныя, сябры прыйшлі, хто што меў для святочнага стала прынеслі, нешта мы самі прыгатавалі – і вяселле адгулялі.

Сталі Бандарэнкі жыць на Любаншчыне, у вёсцы Падлуг. Праз год у сям’і нарадзіўся першы сын. У 1966 – другі, а ў 1970 – трэці.

З Любаншчыны перабраліся ў Рэчыцу, пражылі там дваццаць гадоў. А ў Смаргонь Віктар Рыгоравіч і Глафіра Іларыёнаўна прыехалі ў 1995. Услед за дзецьмі. Адзін сын размеркаваўся ў Смаргонскі будтрэст, другі – на агрэгатны завод, а трэці – вырашыў ехаць да братоў.

– Мы шчаслівыя, бо дагэтуль разам, дзеці побач. Пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў маем, – зазначылі юбіляры.

І нечакана Глафіра Іларыёнаўна дадала: «Каб не муж, я б даўно зямлю парыла. Некалькі разоў Віця мяне літаральна з таго свету выцягваў, даглядаў, калі мяне хвароба да ложку прыкавала». «Дык і Глаша пра мяне і пра мяне ўвесь час клапоціцца, добрая яна гаспадыня, працавітая, адказная», – не пашкадаваў добрых слоў у адрас жонкі Віктар Рыгоравіч.

А сапраўдным адкрыццём лічу вось гэта прызнанне брыльянтавых юбіляраў: – У сямейным жыцці нават не каханне на першым месцы павінна быць, а цярпенне  і ўзаемадапамога. Зберагаючы сваю годнасць, трэба ўмець саступаць адзін аднаму.

Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара



Читайте также

В Носилово то стена рухнет, то склад загорится – под Молодечно горело производственно-складское здание
В деревне Носилово Молодечненского района 30 сентября случился пожар в производственно-складском здании на Новой улице. Люди не пострадали, но 300 квадратных метров кровли больше нет.
С 1 октября подорожают некоторые марки сигарет
Белорусские производители и импортеры сигарет имеют право ежемесячно декларировать максимальные розничные цены на табачные изделия.
«Помоги себя заметить». Госавтоинспекция проводит единый День безопасности
Сегодня, 29 сентября, отдел ГАИ Молодечненского РОВД проводит мероприятия единого Дня безопасности дорожного движения под девизом «Помоги себя заметить!».