«Жыві і працуй – і, калі Бог дасць, дажывеш да ста гадоў». Стагоддзе жыцця адзначыла жыхарка Смаргоні Ядвіга Мацаль
Выратавалася ад немцаў. Выхавала трох дочак. Вытрымала каранавірус. У жыцці Ядвігі Мацаль было шмат выпрабаванняў на трываласць.
– Па дакументах у мамы дзень нараджэння 6 снежня. А яна ўсё жыццё адзначае яго на Пакроў Святой Багародзіцы. Сцвярджае, што нарадзілася менавіта 14 кастрычніка, а запісалі пазней амаль на два месяцы, – кажа Леакадзія Іванаўна, дачка 100-гадовай юбіляркі.
Як жыла і жыве стогадовая жанчына, піша «Светлы шлях».
Пайшла замуж, калі і шаснаццаці гадоў не споўнілася
Апошнія тры месяцы Ядвіга Феліксаўна жыве ў кватэры ў мікрараёне Усходні. А дагэтуль жыла ў сваёй роднай вёсцы Дуды, што на Валожыншчыне.
У восем гадоў яна засталася сіратой. Маці адна гадавала дзяўчынку. Сям’я мела добры кавалак зямлі, а мужчынскіх рук не ставала. Ядвізе і шаснаццаці гадоў не споўнілася, як да яе пасватаўся хлопец, старэйшы на дванаццаць гадоў. І яна пайшла замуж. У хаце, нарэшце, з’явіўся сапраўдны гаспадар. З мужам Ядвіга Феліксаўна пражыла паўстагоддзя.
– Ісці ў жыццё спрадвечным шляхам можна толькі з мазалём і потам, – агучвае сваю жыццевую ісціну жанчына.
– Маці працавала ў калгасе спачатку звеннявой, яна нават удзельнічала ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе атрымала медаль ВДНГ. А на пенсію пайшла, адпрацаваўшы працяглы час на ферме, – зазначае дачка юбіляркі. – Дома бацькі трымалі вялікую гаспадарку. І мы, усе тры дочкі (са Смаргоні, Маладзечна і Мінска), сем’ямі, кожныя выхадныя ездзілі ў Дуды дапамагаць па гаспадарцы, – расказвае Леакадзія Іванаўна, дачка юбіляркі.
Пасля працоўнага дня за сталом збіралася вялікая, дружная кампанія. І жыхары вёскі паміж сабой былі вельмі дружнымі. Дуды – невялікія, усяго 23 хаты. І ўсе «дудаўцы» разам адзначалі Вялікдзень, Першамай, іншыя святы. Збіраліся звычайна ў кагосьці ў садзе, прыносілі прысмакі, рассцілалі посцілкі, елі, танцавалі, спявалі.
Леакадзія Іванаўна прыпомніла сваё вяселле. Калі маладыя пасля роспісу разам с часткай гасцей вярнуліся дадому, то за стол іх адразу не пасадзілі: чакалі пакуль вяскоўцы пакормяць-падояць жывёлу і прыйдуць віншаваць жаніха і нявесту.
Вытрымала каранавірус, а на папраўку пайшла яшчэ раней за дачку
Формула даўгалецця ў Ядвігі Феліксаўны простая: «Жыві і працуй – і, калі Бог дасць, дажывеш да ста гадоў». Сапраўды ніякіх асаблівых сакрэтаў ні ў харчаванні, ні ў ладзе жыцця юбіляркі няма. Акрамя аднаго: нарадзі дзіця ў сорак гадоў – і будзеш вечна маладой. Менавіта ў такім узросце Ядвіга Феліксаўна стала мамай у трэці раз.
У жыцці Ядвігі Мацаль было шмат выпрабаванняў на трываласць. Адправіла мужа на вайну, а сама ледзь выжыла пасля таго, як немцы сталі бамбіць іх вёску. «Я бегла праз поле, а з нямецкага самалёта па мне страляў немец, я скіравалася ў бок лесу, і там, пад хвоямі, схавалася», – расказвае Ядвіга Феліксаўна.
А зусім нядаўна жанчыну спасцігла «чума ХХІ стагоддзя» – каранавірус. Трапіла ў Валожынскую бальніцу разам з другой дачкой. Ляжалі ў адной палаце. Вытрымала хваробу, а на папраўку пайшла яшчэ раней за дачку.
Галіна АНТОНАВА
Фатаграфіі аўтара