Асвячэнне капліцы і фэст ў Вішневе (Смаргонскі раён)

У нядзелю, 27 чэрвеня, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нанова пасвяціць адноўленую прыдарожную капліцу ў гонар святога Яна Хрысціцеля, што непадалёк ад Вішнева (Смаргонскі дэканат), піша Catholic.by.

Два гады таму гэтае гістарычнае месца культу ў гонар Хрыстовага Папярэдніка знаходзілася ў занядбаным стане. Напрыканцы 2019 года побач з капліцай быў знойдзены старадаўні каваны крыж, і гэта стала знакам надзеі на тое, што сакральная пабудова будзе адноўлена.

Намаганнямі пробашча вішнеўскай парафіі святога Юды Тадэвуша ксяндза Антонія Казлоўскага, тутэйшых вернікаў і мецэнатаў капліцу ўдалося аднавіць. У адрэстаўраваную капліцу змясцілі новую фігуру святога Яна, спецыяльна для гэтага зробленую з сучаснага матэрыялу.

Традыцыйны парафіяльны адпуст у гонар святога Яна Хрысціцеля ў Вішневе адзначаць у нядзелю, 27 чэрвеня. У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліць цэлебрацыю святой Імшы на адноўленым месцы культу і нанава пасвяціць капліцу.

Пачатак святой Імшы ў 12.00.

Ксёндз Антоній Казлоўскі ад імя вішнеўскіх парафіянаў шчыра запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да супольнай малітвы.

Капліца святога Яна Хрысціцеля знаходзіцца прыкладна ў двух кіламетрах ад вішнеўскага касцёла святога Юды Тадэвуша ў лясным масіве, з правага боку ад дарогі ў кірунку Свіра, у раёне вёскі Краснаазёрная.