Опубликовано: 24 ноября, 13:07
879

У Маладзечанскім раене 50 гадоў таму адшукалі скарб – амаль шэсць тысяч манет

У фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея знаходзіцца адзін з пяці самых вялікіх скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі. Адшуканы ён быў паўвека таму ў Маладзечанскім раёне.

Аб гэтым паведамляе «Маладзечанская газета».

30 рублёў за знаходку

На гліняны гаршчок, паўнюткі манет, наткнулася на глыбіні метра на сваім прысядзібным участку жыхарка вёскі Мароські, якая капала яму пад склеп.

– У нашых дакументах пазначана імя гэтай вяскоўкі – Вольга Іванаўна Калачык, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея Яна Казакевіч. – Таксама згадваецца, што ёй прадугледжвалася дзяржаўная выплата ў памеры 30 рублёў.

У старадаўнім гаршчку знаходзілася 5 768 манет сярэдзіны XVI – пачатку XVII стагоддзя. Вага знаходкі – амаль сем кілаграмаў. Жанчына сама прынесла скарб у музей, які ў пачатку 1970-х размяшчаўся ў нашым горадзе на вуліцы Лібава-Роменскай. Хіба толькі гаршчок быў пашкоджаны, але яго чарапкі таксама ёсць у фондах. Музейшчыкі і сёння не перастаюць здзіўляцца сумленнасці Вольгі Іванаўны, якая ўсведамляла, наколькі каштоўная трапілася ёй знаходка. Работнікі ўстановы таго часу потым выязджалі на агляд мясцовасці, дзе быў закапаны скарб, але больш нічога не адшукалі.

Факт яго знаходкі зафіксаваны ў некаторых гістарычных энцыклапедыях, кнігах, ёсць такія і ў нашым музеі. Асаблівай увагі заслугоўвае выданне вядомага беларускага нумізмата, даследчыка, педагога Валянціна Рабцэвіча «О чём рассказывают монеты», вокладку якога ўпрыгожвае фотаздымак менавіта мароськаўскага рарытэта. Некалькі старонак прысвяціў гэтаму скарбу ў сваёй кнізе «Невядомае пра вядомае» і былы работнік абласнога музея краязнавец Сяргей Старыкевіч. Сваё пачэснае месца яна таксама знайшла ў фондах.

Грашовая гаспадарка

Але дакладную гісторыю гаршчка з манетамі ніхто не ведае. Хаця музейшчыкі, якія ўважліва ставяцца да мінуўшчыны, паспрабавалі аднавіць яе.

– Паколькі ў скарбе манеты розных дзяржаў, можна сцвярджаць, што ён з’яўляецца тыповым узорам грашовай гаспадаркі XVII стагоддзя, – звяртае ўвагу Яна Іванаўна. – У першую чаргу гэта манеты Рэчы Паспалітай – дынарый, двайны дынарый, тэрнарый, шэлег, грош, паўтараграшовік, трайны грош. Іншаземная манета, якая таксама была ў абароце на тэрыторыі Беларусі, прадстаўлена трыма асноўнымі групамі – білонамі Прусіі, шылінгамі Шведскай Прыбалтыкі (Рыга, Лівонія) і талерамі Іспанскіх Нідэрландаў. Усё гэта гаворыць аб тым, што ў той далёкі час наша грашовая сістэма ўпісвалася ў еўрапейскую. Нашы манеты былі ў абароце ў іншых дзяржавах, іх – хадзілі ў нас.

Таксама музейшчыкі паспрабавалі вызначыць час, калі скарб быў схаваны.

– Абапіраючыся на вопыт і доследы Сяргея Старыкевіча, па-першае, трэба звярнуць увагу, на якой манеце пазначана найбольш позняя дата, – паглыбляецца ў гісторыю навуковы супрацоўнік. – Год чаканкі вызначае час, раней якога скарб не мог быць схаваны. Самыя маладыя ў мароськаўскім рарытэце чатыры шылінгі Карла Х Густава, што адчаканілі на Рыжскім манетным двары. Такім чынам, можна ўпэўнена сказаць, што гаршчок з манетамі быў закапаны прыкладна ў другой палове 1650-х, але не раней за 1655 год. Ёсць і заканамернасць: у – скарбе найбольшая колькасць дробных білонавых манет шылінгаў (іх звыш чатырох з паловай тысяч), і чаканіліся яны на розных манетных дварах, але з кожным годам выпуску іх відавочна менш. Гэта акалічнасць указвае на тое, што чым бліжэй да даты захавання скарбу, тым менш там знаходзіцца самых маладых манет. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ён быў закапаны менавіта ў 1655-м.

Крывавая мінуўшчына

Музейшчыкі паспрабавалі высветліць і тое, што магло прымусіць гаспадара схаваць зберажэнні ў зямлі.

– Тагачасная палітычная і эканамічная абстаноўка ў дзяржаве была вельмі няпростай, – зноў гартае старонкі гісторыі Яна Іванаўна. – Рэч Паспалітая моцна аслабела ў выніку нацыянальна-вызваленчай і антыфеадальнай вайны 1648-1651 гадоў на землях Украіны і Беларусі. Адзінаццатага кастрычніка 1653 года Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што аўтаматычна азначала вайну цара Аляксея Міхайлавіча з Рэччу Паспалітай. Таму ўжо ў маі 1654-га войскі расійскага цара пачалі ваенныя дзеянні. Армія на чале з ім рушыла ў бок Смаленска і далей на беларускія землі. Роўна праз год пачалася другая ваенная кампанія. Шлях расійскай групоўкі пралягаў у тым ліку праз Маладзечна, Лебедзева. Можна зрабіць здагадку, што за некалькі дзён да ўзяцця Вільні, калі непрыяцельскія войскі падыходзілі да Маросек, і быў схаваны скарб. Яго гаспадар, хутчэй за ўсё, папаўняў грашовыя запасы што-дзённа, і найбольш верагодна, ён трымаў прыдарожную карчму. А пасудзіна, у якую складвалі манеты, найперш прадугледжвалася для прыгатавання ежы. Мабыць, пры яўнай небяспецы гаспадар схапіў гаршчок, які першым трапіў пад руку. Лёс гэтага чалавека, верагодна, склаўся трагічна, бо схаванае ім так і засталося ў зямлі.

Яна Казакевіч таксама звяртае ўвагу на гісторыю самой вёскі Мароські. Першае афіцыйнае ўпамінанне пра яе датуецца канцом XVIII – пачаткам XIX стагоддзя, знойдзены скарб – відавочна ранейшым часам.

– Гэта можа сведчыць, што вёска існавала значна раней, – заўважае навуковы супрацоўнік. – А вось тая прычына, па якой быў схаваны скарб, магчыма, мела наступства для самога населенага пункта. Ён мог быць знішчаны ў той страшнай вайне і амаль два стагоддзі з-за гэтага нідзе ў дакументах не згадваўся.

«Лічым натуральна затаіўшы дыханне»

Хаця скарб захоўваецца ў музеі паўвека, шырокаму колу гледачоў дэманструецца нячаста, бо прадставіць яго на выстаўцы — надзвычай працаёмкі і адказны працэс. Упершыню яго поўнасцю паказалі на выстаўцы «Скарбы музея» ў 2000 годзе. Другі раз – у час адкрыцця новага будынка музея ў 2006. У розныя часы экспанаваліся толькі асобныя манеты з тых тысяч.

– У фондах усе яны захоўваюцца ў асобных папяровых канверціках, якія, згодна з іх памерамі, музейшчыкі зрабілі самі, – гаворыць Яна Іванаўна. – У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, інструкцыямі падобныя скарбы, у тым ліку гэты, неабходна пералічваць раз у пяць гадоў, і калі на манетах утварыўся налёт, раз на год чысціць. Для гэтага выкарыстоўваюцца звычайныя шчотка, вада і баваўняныя анучкі. Мне пакуль ні разу не даводзілася прымаць удзел у такой адказнай справе. Я працую ва ўстанове чацвёрты месяц пасля заканчэння ВНУ. Але, безумоўна, мару дакрануцца да сапраўдных каштоўнасцей нашай зямлі.

А вось Эльвіра Яхімовіч, якая ў музеі больш за дзесяць гадоў і цяпер з’яўляецца начальнікам аддзела навукова-метадычнай работы, двойчы пералічвала мароськаўскі скарб.

– Неаднойчы чула пра яго, калі вучылася ў Белдзяржуніверсітэце, ад свайго педагога Валянціна Рабцэвіча, – далучаецца да размовы Эльвіра Алегаўна. – Тады і падумаць не магла, што буду пералічваць гэтыя манеты. Безумоўна, дакрананне да таямніц гісторыі выклікае асаблівае трапятанне, тым больш калі маеш справу з сапраўдным скарбам. Як правіла, пералічваем яго камандай супрацоўнікаў: учатырох спраўляемся за чатыры гадзіны. Лічым натуральна затаіўшы дыханне.

Ірына РАБУШКА
Фатаграфіі аўтара і з архіву Мінскага абласнога краязнаўчага музея



Читайте также

Прожженный рецидивист выносил из домов молодечненцев золото и старинные монеты, но не брезговал консервами и самогоном
Поставлена точка в серии краж из домов жителей частного сектора Молодечно, а также деревень Тюрли и Тивидовка. Опытнейший 43-летний рецидивист обносил дома на протяжении двух месяцев, похитив одного только золота более чем на 18 000 рублей.
В Вилейском районе люди два года просят установить на улице фонарь
3 декабря на прямую телефонную линию к председателю Минского областного Совета депутатов обратился житель деревни Мильча с проблемой освещения улицы.
Налог на квартиру собираются поднять с 2023 года
Это следует из проекта закона «Об изменении законов по вопросам налогообложения», размещенном на Национальном правовом интернет-портале.