Опубликовано: 17 июля 2012, 17:07
134

Паэтычны слэм упершыню адбыўся на Астравеччыне (ФОТА, ВІДЭА)

Разам з вядомымі беларускімі слэмерамі ў ім удзельнічаў школьнік з Астравецкага раёна Іван Васілеўскі.

Край.бай анансаваў гэтую імпрэзу.

Удзельнікі збіраюцца

Изображение 1

Краязнаўца Алесь Юркойць сустракае гасцей паэтычнага слэму

Изображение 6

Изображение 2

Паэтычны слэм прайшоў 14-15 ліпеня на возеры Кайміна, што ў Астравецкім раёне. У ім удзельнічалі Усевалад Сцебурака, Анатоль Івашчанка, Глеб Лабадзенка, Павел Капанскі, Віталь Рыжкоў, Цімур Хоміч, Марыя Пушкіна, Іван Васілеўскі.

Распачаў імпрэзу яе вядучы – беларускі паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч, які выканаў сваю песню “Гатэль Беларусь”.

“Добры дзень, добрыя людзі, – звярнуўся затым ён да прысутных. – Дождж паплакаў і прайшоў, пачынаем наша шоў. Далей рыфмы будуць больш цікавыя, больш душэўныя. Вітаю вас на паэтычным свяце!”

Андрэй Хадановіч

Изображение 14

Ён падзякаваў Астравецкаму райвыканкаму, аддзелу культуры райвыканкама, астравецкаму райспажыўтаварыству, дырэкцыі заказніка “Сарачанскія азёры”, Спондаўскаму лясніцтву і іншым за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні слэму.

Свой верш чытае Андрэй Хадановіч:

Андрэй Хадановіч патлумачыў правілы паэтычнай імпрэзы: удзельнікі на працягу трох хвілін чытаюць вершы, пяцёра гледачоў затым выстаўляюць адзнакі па пяцібальнай сістэме. Адзнакі дзве: за змест і за артыстызм. Склад “глядацкага журы” праз пэўны час змяняецца.

Изображение 3

Іван Васілеўскі

Изображение 15

Марыя Пушкіна

Марыя Пушкіна

Павел Капанскі

Изображение 12

Некаторыя цытаты са слэму

Анатоль Івашчанка:

Я не слэмер

о крый мяне… матам

слэм – гэта понт

публіка ставіць балы

перамагае мацнейшы

з трэскам парваўшы залу…

 

Глеб Лабадзенка

Изображение 7

Глеб Лабадзенка:

робячы каву

без малака

я выпадкова

з’еў павука

цяпер мяне ня любіць павучыха

дык

лепей ніколі

не есці каханых

сваіх і чужых

дзейных і абяцаных

і без патрэбы паветрам каханых

ня дыхаць.

 

Віталь Рыжкоў

Изображение 9

Віталь Рыжкоў:

…другому свайму я нараджаць пабаялася (так пакрыўдзіу мяне той першы),

але быў ён харошы, інтэлігентны, друкаваў у раёнцы вершы,

ён казаў, што хоча са мной ажаніцца, чаго я смеюся, не смешна ж –

яго я прагнала сама, небараку. яго адшукалі праз тыдзень павешаным…

 

Усевалад Сцебурака

Изображение 10

Усевалад Сцебурака:

На захадзе ад Радашковічаў –

мая дарога дадому.

На захадзе ад Радашковічаў –

сталічную лекую стому.

На захадзе ад Радашковічаў –

мае крыжы і магілы.

На захадзе ад Радашковічаў –

за спінай мацнеюць крылы.

 

Цімур Хоміч

Изображение 11

Цімур Хоміч:

вось растлумач мне, – кажа мне мама, – растлумач,

што мне казаць пры сустрэчы знаёмым,

што мне казаць гэтым дурнаватым суседзям,

што ўжо, пэўна, натапырылі вушы, што? – кажа яна.

...

вось растлумач мне, – кажа мне мама, – растлумач,
што мне казаць усім гэтым людзям? яны пытаюць,
як твой сын, чым ён займаецца, дзе працуе;
што мне казаць ім? што ён
сядзіць у чатырох сцянах, як нейкі манах,
што ён лічыць, што свет ператварыўся ў пекла,
што навокал усе вар'яты, а па начах піша нейкае трызненне?

 

Фінальны этап

Віталь Рыжкоў і Глеб Лабадзенка прайшлі ў фінал без праблем. Усевалад Сцебурака, Анатоль Івашчанка і Цімур Хоміч набралі аднолькавую колькасць балаў. Яны зноў выйшлі на сцэну і “спаборнічалі” за выхад у фінал. Андрэй Хадановіч, жартуючы, прапаноўваў вызначыць мацнейшага сіламерам. Але ўсё ж вырашылі змагацца вершамі: паэты чыталі яшчэ па адным творы. Публіка галасавала не адзнакамі, а апладысментамі. У фінал прайшоў Усевалад Сцебурака.

Изображение 13

Склад глядацкага журы змяніўся. У фінале “біліся” Глеб Лабадзенка, Усевалад Сцебурака і Віталь Рыжкоў. У выніку трэцяе месца заняў Глеб Лабадзенка. Сярод іншых прызоў ён атрымаў літр мёду і вялікую лыжку. Другое месца заняў Віталь Рыжкоў. У якасці прыза яму дасталася два літры мёду і глечык. Перамог Усевалад Сцебурака. Сярод яго прызоў было шампанскае, тры літры мёду і “супер-гляк” (як яго назваў Андрэй Хадановіч).

Анатоль Івашчанка (злева) і Усевалад Сцебурака

Изображение 16

Сувеніры атрымалі ўсе ўдзельнікі слэму. А таксама пераможцы конкурса бурымэ, які ў самым пачатку аб’явіў Андрэй Хадановіч. Трэба было скласці верш на прапанаваныя рыфмы: вожык – ножык, ровар – бровар. Перамог твор Віталя Рыжкова:

Я заточваю свой ножык

І псую суседу ровар,

Каб не ставіў гадскі вожык

У маім гародзе бровар.

Журы адзначыла прызам таксама чатырохрадкоўе гледача Валерыя Трацяка з Маладзечна:

Каймінскі нецвярозы вожык

Парэзаў сала, выцер ножык

Залез на польскі яшчэ ровар,

І пакаціў у лес, на бровар.

Завяршылася свята канцэртнай праграмай, падрыхтаванай калектывам Страчанскага Дома культуры.

Изображение 18

На наступны дзень адбылася экскурсія па Астравеччыне, якую правялі экскурсаводы Наталля Стаповіч, Ірына Казак і краязнаўца Алесь Юркойць.

Касцёл Святой Тройцы ў Гервятах

Касцёл у Гервятах

Изображение 19

Па словах Андрэя Хадановіча, паэтычны слэм на Астравеччыне прайшоў удала. “Слэм – гэта досыць удалы спосаб папулярызацыі паэзіі. Асабліва ў наш час, які робіцца менш паэтычным, калі паэзія сыходзіць на універсітэцкія кафедры. Слэм – гэта вяртанне паэзіі людзям. Акрамя таго, гэта і магчымасць спалучыць добрую паэзію з забаўнай формай, што дадае інтрыгі паэтычнай падзеі. У спецыфічнай беларускай сітуацыі, калі шмат хто ў аўдыторыі па-беларуску не гаворыць, слэм – гэта яшчэ і спосаб спакушэння слухача цікавай беларускай паэзіяй”, – патлумачыў для Край.бай Андрэй Хадановіч.

Па словах Андрэя Хадановіча, нярэдка новыя цікавыя кнігі ў правінцыю доўга ідуць, літаратары туды нячаста даязджаюць. “Слэм на Астравеччыне ці не першы нямінскі слэм. Так што жыхары Гродна, Брэста, Віцебска і іншых абласных цэнтраў могуць зайздросціць, – адзначыў ён. – Трэба сказаць, што некаторыя ўдзельнікі пабойваліся, што іх “не так успрымуць”. Але аўдыторыя была вельмі цёплая і ўдзячная, адэкватная і зычлівая што да апладысментаў і што да адзнак”.

Святлана ЦІШКО
Фота і відэа аўтара



Читайте также

Права на 20 лет и техосмотр на 3 года. Какие изменения вносит новый указ?
Проведение более 200 административных процедур корректируется в Беларуси. Соответствующий указ №55 подписан 16 февраля.
Алеся Кузнецова: «Искренне люблю то, что делаю»
Белорусская писательница Алеся Кузнецова презентовала молодечненцам свои книги и пообщалась с поклонниками литературы.
Сигарета или электропроводка? Сарай вспыхнул в Поставах – спасатели рассматривают две версии причины пожара
В Поставах на Советском переулке сегодня ночью, 18 апреля, загорелся частный сарай. По версии спасателей, пожар мог начаться либо от короткого замыкания электропроводки, либо из-за неосторожного курения хозяина.