Опубликовано: 02 октября 2021, 10:47
298

Будслаў: часовы дах накрыты, неўзабаве адновяцца набажэнствы ў касцёле

Стала вядома, калі адновяцца набажэнствы ў будслаўскім касцёле.

Раніца 1 кастрычніка для пробашча парафіі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя Дубовіка пачалася з заводу адноўленага гадзінніка на вежы касцёла. Сёння святара пры гэтым адказным занятку суправаджае прадстаўнік партала Catholic.by.

Рабіць гэта пробашчу даводзіцца раз на суткі: падымацца на самы верх вежы, да механізма, і з дапамогай спецыяльнага прыстасавання падымаць дзве «гіры» – сярэдніх памераў валуны, якія, апускаючыся ўніз, прыводзяць у рух механізм старадаўніх курантаў.

«Ен настроены такім чынам, каб ад заводу да заводу гадзіннік паспяваў «дагнаць» розніцу ў некалькі хвілін, якія патрэбныя на саму гэтую працэдуру, калі куранты спыняюцца на некалькі хвілін», – тлумачыць ксендз Дзмітрый.

Мы ўвачавідкі пераканаліся, што рабіць гэта, тым больш кожны дзень, зусім не так проста, як можа здавацца: тут патрэбныя і веды, і фізічная сіла, і вялікая руплівасць.

«Накруціўшы» гадзіннік і паслухаўшы на вежы, як ен б’е дзевяць, спускаемся ў касцел. Тут напярэдадні чысцілі гзымсы, таму паўсюль на падлозе пыл і бруд, што за гады на іх накапіўся. Усталяваны ў прэзбітэрыі базылікі датчык паказвае восем градусаў вышэй за нуль і 88 працэнтаў вільготнасці. Гэтыя васьмеркі на пэўны момант выклікаюць уяўленне аб бясконцасці пры думцы пра тое, калі ж завершыцца аднаўленне санктуарыя пасля пажару…

Аднак хоць аб’емы працы сапраўды вялізныя, і на іх выкананне патрэбныя астранамічныя грошы, за час, які мінуў пасля надзвычайнага здарэння, удалося зрабіць даволі шмат.

– Мы зрабілі неабходную праектную дакументацыю, у адпаведнасці з ей усталявалі кроквавую сістэму і накрылі базыліку часовым дахам, – распавядае пробашч будслаўскай парафіі. – Новыя кроквы – гэта металічныя фермы, якія не толькі нясуць дах, але і з’яўляюцца своеасаблівымі сцяжкамі для скляпенняў у верхняй частцы будынку. Папярэднія кроквы з дрэва такой дадатковай функцыі не выконвалі: яны проста абапіраліся на сцены. Акрамя таго, яны стаялі часцей, а металічныя фермы даюць магчымасць зменшыць колькасць матэрыялу, што заўважна аблегчыла агульную вагу канструкцыі.

Да зімы накрылі касцел часовым дахам з ацынкаванага прафіляванага насцілу. Зрабіць капітальны новы дах з медзі не атрымалася з дзвюх прычын: не хапала часу і сродкаў. Для меднага даху, які, дарэчы, вельмі дорага каштуе, спатрэбіцца таксама драўлянае акратаванне, і ўжо на яго будзе насцілацца чарнавы дах і медзь.

– Пакуль нашай задачай было накрыць скляпенне, якое і так моцна пацярпела ад вады падчас тушэння пажару і моцных дажджоў, якія часта ішлі селета, – тлумачыць пробашч будслаўскай парафіі. –  З гэтай задачай мы, дзякуй Богу, справіліся. Таму цяпер ужо адпала неабходнасць у зробленых намі напачатку спецыяльных прыстасаваннх, якія па рукавах адводзілі ваду са скляпенняў, і яны былі разабраныя, пасля чаго мы пачысцілі гзымсы.

За ўсе, што было зроблена (а гэта сапраўды шмат), я шчыра дзякую ўсім ахвярадаўцам, якія збіралі на гэта сродкі, валанцерам, якія дапамагалі разбіраць завалы, прыбіралі смецце і рабілі шмат іншай карыснай і патрэбнай працы, а таксама будаўнікам, які працуюць на касцеле без выходных, вахтавым метадам.

Спадзяюся, што да ўрачыстасці Усіх Святых мы распачнем маліцца ў касцеле.

Ужо нават унеслі ўсярэдзіну частку лавак. Пад купалам базылікі застаецца свабоднае месца, таму што гэта адзіная зона, якая пакуль выклікае занепакоенасць. Але непасрэдна пад купалам зроблена адмысловая канструкцыя з метала і дрэва, якая яго надзейна страхуе», — тлумачыць ксендз Дзмітрый, водзячы прадстаўніка парталу па святыні.

Усярэдзіне на скляпеннях там-сям відаць чорныя пісягі ад сажы, што трапляла ўсярэдзіну з вадой, шэрыя плямы нявысахлага тынку і зяленую плесню, што больш за ўсе пайшла па кутах, дзе амаль няма вентыляцыі.

Але ў нядаўна адрэстаўраваный частцы базылікі ўсе выглядае некранутым, прычым настолькі, што нават цяжка сабе ўявіць, што тут быў моцны пажар.

Мікола ГРАКАЎ
Фотаздымкі ксяндза Дзмітрыя ДУБОВІКА і Catholic.by

Читайте также

Диана из Вилейки нашла любовь, семью и счастье. Непростая история ее жизни вдохновляет
Диане Демеш из Вилейки 33 года, с двух лет она живет с диагнозом детский церебральный паралич. С самого детства ей выпало жить с болью и преодолевать трудности. Неоднократно девушка впадала в отчаяние, ведь она всем сердцем мечтала о полноценной жизни: любви и семье. Небеса услышали ее — Диана стала женой и мамой.
До 10 лет лишения свободы грозит директору сельхозпредприятия в Глубокском районе за превышение служебных полномочий
Сотрудники БЭП Витебской области выявили факты фальсификаций в одном из сельскохозяйственных предприятий Глубокского района.
Футбольный клуб «Молодечно» потерпел шестое поражение подряд в высшей лиге сезона-2025
Футбольный клуб «Молодечно» 27 апреля в столице проиграл «Ислочи» из Минского района со счетом 0:4. Один гол зелено-белые пропустили в первом тайме. Еще три мяча влетело в их ворота во второй половине встречи.