Опубликовано: 13 марта 2015, 11:13
108

Вілейка адзначае 555 год першага згадвання ў пісьмовых крыніцах і 220 – як стала горадам (ФОТА)

За некалькі стагоддзяў спачатку гарадзішча, а потым невялічкі горад Вілейка шмат перажыў. Па вілейскай зямлі прайшлі тры буйныя вайны, мяняліся ўлады. Тут нарадзілася шмат знакамітых людзей і выпусцілі фотаапарат “Зеніт”, які ведалі ва ўсім СССР. Пра станаўленне горада чытайце ў матэрыяле Край.бай.

Куранец – цэнтр воласці

Першае згадванне Вілейкі ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1460 года, якое пакуль лічыцца афіцыйна прынятым.

Спачатку на месцы сучаснай Вілейкі існавалі два гарадзішчы. Абодва – на беразе Вяллі, што ў перакладзе са славянскай мовы азначае “вялікая”. Пра тое, як утварылася рака, існуе вядомая легенда пра працавітага хлопца Сцяпана ды прыгажуню Вільяну. Сцяпан быў краўцом і працаваў дзень і ноч. Нават у Вялікдзень не выпускаў з рук ніту з іголкаю. Працаваць у такое свята – вялікі грэх. Вось і ператварыўся Сцяпан у камень. Калі пра гэта даведалася Вільяна, пачала плакаць. Яе слёзы сталі спачатку крынічкай, а потым – паўнаводнай ракой, якую так і назвалі – Вялля.

Куранецкая зямля як асобная воласць уваходзіла ў Полацкае княства. А ў сярэдзіне XV стагоддзя двор Куранец стаў цэнтрам воласці. У сярэдзіне XVI стагоддзя Куранец быў у часовым карыстанні магнатаў Радзівілаў. Потым перайшоў да Сапегаў. Менавіта пры Сапегах Куранецкая дзяржава атрымала новую назву – Вялейка.

Напрыканцы XVII ст. Вялейка і ўсё Вялейскае староства належала магнатам Пацам. Мясцовыя жыхары даўно займаліся гандлем. Хадзілі ў заробкі на барках да прускага горада Каралеўца, везлі збожжа, лён, льняноы і канапляны алей і іншае. А адтуль прывозілі віно, каву і цукар і прадавалі гандлярам з Менска, Вільні, Варшавы.

Напачатку XVII стагоддзя вялейскі стараста Пётр Пац атрымаў ад караля Аўгуста II прывілей на гандаль у нядзельныя дні і тры кірмашы на год у мястэчку Вялейка. Аднак гандаль у Вялейцы не прыжыўся. Напрыканцы XVIII ст. тут не было ні купцоў, ні гандлю.

У XVIII ст. у Вілейцы было 49 хат і жылі ўсяго 310 чалавек

У 1793 г. з чарговым падзелам Рэчы Паспалітай Вялейка ўвайшла ў склад Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. А 3 мая 1795 года расійская імператрыца Кацярына II выдала загад, паводле якога мястэчка Вялейка стала горадам – цэнтрам Вялейскага павета Менскай губерніі. Хутка быў зацверджаны герб Вялейкі. Пачэснае месца на ім займала рака Вілія. У новым павятовым горадзе не было ніводнага мураванага будынка – усяго 49 драўляных. Жыло ў Вялейцы 310 чалавек: 278 уніятаў і 32 габрэі.

У складзе Віленскай губерніі, XIX ст.

У ліпені 1812 г. у Вялейку ўвайшлі войскі французкага імператара Напалеона. Нават ёсць успаміны сведкі і ўдзельніка тых падзей:

“Прыйшлі ў Вялейку рана. Гарадок з драўлянымі хатамі. Размясціліся бівакамі на пясчанай раўніне, сярод садоў. Паснедалі своечасова. Ночь была спякотная, камароў такое мноства і такія злосныя, што, калі яны кусалі, мы амаль не спалі.

У 1842 Вялейка ўвайшла ў склад Віленскай губерніі. Уздоўж Віліі разбілі сетку кварталаў, праклалі першыя вуліцы. Адна з іх злучыла мястэчка і двор і стала часткаю паштовай дарогі з Менска да Дзісны.

Колькасць жыхароў Вялейкі ўзрасла амаль у чатыры разы. У мястэчку былі магазін, яўрэйская школа, бальніца і турма. На новай плошчы за кошт казны пабудавалі новую драўляную царкву ў імя свяціцеля Міколы. Аднак у верасні 1884 г. яе па бярвенчыку за два тыдні перавезлі ў Новы Мядзел, а на месцы царквы паставілі драўляны крыж.

У 1857 г. у Вялейку завітала экспедыцыя графа Тышкевіча, які вырашыў даследаваць раку Вілію і яе наваколлі. Сёння экспедыцыю па Віліі да Вільні працягвае мясцовы краязнаўца Міхаіл Петух.

1861 год прынёс новыя падзеі: расійскі цар падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права. Сяляне апынуліся ў становішчы закладнікаў. Выкупіць зямлю змаглі адзінкі, бо памер выкупу значна перавышаў рэальны кошт зямлі.

З данясення прадстаўніка царскай адміністрацыі (7 мая 1863 г., Вялейка):

“…Инсургенты здешних мест… начинают уже показываться крупными шайками в 100 и более человек, провозят оружие, амуницию и пр. По достоверным слухам, они намерены напасть на острог для освобождения товарищей своих и разграбить казначейство, а в случае достаточных сил завладеть и всем городом…».

Праз чатыры гады ў Вілейцы пабудавалі праваслаўны храм, асвечаны ў імя Марыі Егіпецкай. Гэтая царква стаіць у Вялейцы і сёння. Яна не зачынялася ні на адзін дзень.

У XX стагоддзі ў Вілейцы стварылі першую пажарную каманду і адкрылі чыгуначны вакзал

Нагодай стала тое, што на працягу цэлага года ў Вілейскім павеце 122 разы гарэлі навакольныя вёскі. Увогуле ў XX ст. Вілейка ўвайшла без значных зменаў. Адзін з самых малых гарадоў усяго Паўночна-Заходняга краю, з прамысловых прадпрыемстваў – бровар, лесапільня, млын. З культавых устаноў – дзве царквы, дзве вучэльні і гарадская лякарня. У 1906 г. пачалося будаўніцтва касцёла Уздвіжання Святога Крыжа, а праз год у горадзе з’явіўся чыгуначны вакзал.

Вілейка, вул. Аляксандра II. 1905 год

Изображение 3

Вілейка, вул. Пілсудскага. 1930-я гады. Летні кірмаш

Изображение 1

За тры гады акупацыі падчас Вялікай Айчынай вайны з 1 300 дамоў у Вілейцы засталося толькі 240 драўляных хат

28 ліпеня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Праз год Вілейка была акупавана нямецкімі войскамі. Аднак у верасні падчас наступальнай аперацыі, якая атрымала назву Свянцянскі прарыў, Вілейку вызвалілі.

У 1919 годзе пачалася савецка-польская вайна. І Вілейка зноў апынулася ў эпіцэнтры баявых дзеянняў. Улада мянялася некалькі разоў: палякі, потым савецкая ўлада… У 1921 годзе Вілейка ўвайшла ў склад Польшчы.

Вілейка, 1920-я гады. Кірмаш на Георгіеўскай плошчы (сучасная пл. Свабоды)

Изображение 4

Вілейка, 1930-я гады. Зімовы кірмаш

Изображение 5

4 снежня 1939 года горад стаў цэнтрам вобласці. Але ненадоўга. 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчыная вайна: Вілейка ўвайшла ў склад генеральнай акругі Беларусі і была ўключана ў склад рэйхскамісарыяту “Остланд”.

Вілейка, вул. Пілсудскага. 1930-я гады (сучасная вул. Савецкая)

Изображение 6

Георгіеўская плошча, 1930-я г. (цяпер пл. Свабоды)

Изображение 7

Адным з першых мерапрыемстваў новай улады было вырашэнне “яўрэйскага пытання”. Вытрымкі з пратакола допыту сведкі Георгія Гобеца (20 жніўня 1970 г., Вілейка):

“…Першы час акупацыйная ўлада выкарыстоўвала яўрэйскае насельніцтва на разнастайных чарнавых работах. Расстрэлы пачаліся вясной 1942 г. У перыяд маёй службы ў СД я неаднаразова бачыў, як аднекуль прывозілі групамі мірных грамадзян у Вілейскае СД. Пасля допытаў іх выводзілі збітых, скрываўленых і адводзілі за турэмную сцяну, адкуль гучалі стрэлы…”

Бой за Вілейку адбыўся ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1943 г. з удзелам 1-й Антыфашысцкай брыгады пад кіраўніцтвам Уладзіміра Гіль-Радыёнава. Яго байцы нанеслі фашысцкаму гарнізону ў Вілейцы вялікія страты. Ад фашысцкіх захопнікаў Вілейка была вызвалена 2 ліпеня 1944 года. Кіраваў аперацыяй двойчы Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў.

За тры гады акупацыі гітлераўцы знішчылі гарадскую гаспадарку горада амаль на 80%. З 1 300 дамоў у Вілейцы засталося толькі 240 драўляных хат. Магчыма, менавіта таму горад не стаў цэнтрам вобласці, як было да вайны.

Вілейка. Мітынг на пл. Свабоды, 1946 год

Изображение 2

У Вілейцы выпускалі знакамітыя на ўвесь СССР фотаапараты “Зеніт”

Пасля вайны пачалося аднаўленне горада: будаваліся новыя дамы, прадпрыемствы, дзіцячыя садкі, школы, кінатэатры. Запрацаваў гарадскі транспарт. Пачалі выходзіць газеты. Горад рос. Спачатку знаходзіўся ў складзе Маладзечанскай вобласці. А з 1960 – Мінскай.

У 1970 годзе ў Вілейцы будуюць знакаміты ў СССР завод “Зеніт” па вырабу фатаграфавальнай тэхнікі. Ужо праз тры гады першы фотаапарат убачыў свет.

У тым жа 1973 годзе ў Вілейцы адбылася яшчэ адна значная падзея. Падчас будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы стварылі Вілейскае вадасховішча.

Напрыканцы 90-х г. была пабудавана новая царква ў імя свяціцеля Ціхана, патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

А напачатку новага тысячагоддзя – асвечана капліца ў гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова. Яна была пабудавана на месцы першай царквы і капліцы. Аўтар праекта – мясцовы архітэктар Анатоль Капцюг.

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у Вілейцы выраслі шматпавярховыя дамы. Працуюць шмат прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Ёсць на Вілейшчыне і шмат цікавых помнікаў архітэктуры сярэдзіны XIX і пачатку XX стагоддзяў.

Дарэчы, у ліпені пройдуць урачыстыя мерапрымствы, прысвечаныя святу горада.

Юлія ЛАХВІЧ па матэрыялах, прадастаўленых Край.бай Вілейскім краязнаўчым музеем
Фото з архіва Вілейскага краязнаўчага музея



Читайте также

Алеся Кузнецова: «Искренне люблю то, что делаю»
Белорусская писательница Алеся Кузнецова презентовала молодечненцам свои книги и пообщалась с поклонниками литературы.
Права на 20 лет и техосмотр на 3 года. Какие изменения вносит новый указ?
Проведение более 200 административных процедур корректируется в Беларуси. Соответствующий указ №55 подписан 16 февраля.
Сигарета или электропроводка? Сарай вспыхнул в Поставах – спасатели рассматривают две версии причины пожара
В Поставах на Советском переулке сегодня ночью, 18 апреля, загорелся частный сарай. По версии спасателей, пожар мог начаться либо от короткого замыкания электропроводки, либо из-за неосторожного курения хозяина.