У Маладзечне стартаваў новы сезон бясплатных курсаў беларускай мовы "Мова нанова" (ФОТА)
Першая пасля летніх канікул сустрэча адбылася 15 верасня ў канферэнц-зале бібліятэкі "Верасок".
Наш партал анансаваў пачатак курсаў.
Галоўнай тэмай стала лета, якое скончылася. Курсанты расказвалі аб сваім адпачынку, дзяліліся ўражаннямі: хто пабываў за мяжой, хто на лецішчы ці ў вёсцы.
Ці многае забылі за лета, паказала "арфаграфічная хвіліна". Вядучыя Настасся Роўда і Наталля Тур прапанавалі прысутным выканаць некалькі заданняў: дзе ўставіць патрэбную літару, дзе перакласці з рускай мовы. Потым усе разам правяралі, успаміналі правілы, знаёміліся з новымі словамі.
Пасля можна было трохі адпачыць, пачаставацца гарбатай і салодкімі прысмакамі.
Гасцямі сустрэчы сталі музыкі з гурту "Гутатэлі". Уладзімір, вядомы як Верасень, і Яўгенія Манцэвіч размаўлялі з прыхільнікамі, расказвалі пра свае падарожжы па Індыі і Амерыцы: пра асаблівасці ежы і традыцыі мясцовых жыхароў, пра займальныя і не вельмі выпадкі, у якія траплялі вандроўнікі.
Яўгенія Манцэвіч і Верасень
Дарэчы, словам "гутатэлі" называюць арэлі ў Светлагорскім раёне, адкуль родам жонка мастацкага кіраўніка гурта. Напрыканцы Уладзімір і Яўгенія выканалі некалькі песень пад акампанемент гітары і скрыпкі.
Заняткі курсаў "Мова нанова" будуць праходзіць кожны аўторак у 18 гадзін у бібліятэцы "Верасок".
Настасся Роўда і Наталля Тур адзначылі, што ў гэтым сезоне будзе яшчэ больш цікавых тэм і вядомых гасцей. Тэма наступнай сустрэчы – архітэктура. Краязнаўца Уладзімір Садоўскі раскажа пра гісторыю мікрараёна Гелянова ў Маладзечне. Завітае таксама музыка Ілля Фаляжынскі.
Алена КОЗІНА
Фотаздымкі прадастаўленыя парталу Край.бай Таццянай ЗАКРЭЎСКАЙ