“Мова родная – мова модная!” Тыдзень беларускай мовы прайшоў у вілейскай гімназіі (ФОТА)
У гімназіі №1 “Логас” Дню роднай мовы, які 21 лютага адзначаюць ва ўсім свеце, прысвяцілі не дзень, а цэлы тыдзень. “Мова родная – мова модная!” – пад такім дэвізам прайшоў Тыдзень беларускай мовы.
Даведка. Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць 21 лютага. З такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх – пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання такіх моў міжнародны фонд UNESCO абвясціў Дзень роднай мовы, каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
ru.wikipedia.org
З нагоды гэтага свята ў гімназіі наладзілі шэраг мерапрыемстваў.
Цікава прайшоў конкурс малюнкаў “Залацінкі роднай мовы” для пятых-шостых класаў: вучні пастараліся намаляваць фразеалагізмы. У аўторак на перапынках вучні і настаўнікі весела спявалі разам беларускія песні, а ў пятніцу – танцавалі.
Старшакласнікі ў пятніцу пагаварылі пра Івана Шамякіна – з нагоды яго юбілею. А яшчэ пятніца – дзень, калі ўсе ў гімназіі гаварылі на беларускай мове, урокі вялі таксама на беларускай мове.
На працягу тыдня ў кожным класе прайшла інфармацыйная гадзіна “Мова родная – мова модная”, на якой вучні дзевятых класаў расказвалі ўсім, чаму сёння модна гаварыць на беларускай мове, чаму выбралі дату 21 лютага і што яна значыць.
А ў суботу адбылося свята “Кошык весялосці на вясковым падвор’і”. А.Ч. Балуш разам з вучнямі пятых-шостых класаў паказала тэатральную пастаноўку з нацыянальным каларытам. Атрымалася сапраўднае свята весялосці.
Літаратурныя сустрэчы былі прысвечаны паэтычнай творчасці былога настаўніка нашай гімназіі У.А. Ляшкевіча. Цёплай атрымалася размова з паэтам. Вучні дэкламавалі яго вершы, задавалі яму пытанні, бралі аўтограф.
Цікава і непаўторна прайшлі ўсе мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы. Гімназісты і настаўнікі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабыўныя ўражанні і паказала, што родная мова – модная мова.
Калі ты чуеш яе – ці сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", ці мясцовую дыялектную – ведай, што ўсё гэта – наша родная беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца – у тваёй краіне і ў тваёй душы. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Алена МАЧЭЛЬ для Край.бай