ФОТАФАКТ: Група вілейчукоў адправілася ў вандроўку ў гонар 250-годдзя Агінскага
7 лютага гісторыка-краязнаўчае выданне “Волат” зладзіла вандроўку па маршруце Вілейка-Маладзечна-Беніца-Залессе-Крэва-Вілейка. Экскурсія была прысвечана 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.
Край.бай анансаваў гэту падзею.
Як паведаміў нашаму парталу краязнаўца Аляксей Лужынскі, удзельнікамі вандроўкі сталі больш за 40 чалавек. Сярод іх былі настаўнікі, сябры выдання “Волат” і простыя вілейчукі. Дарэчы, у Маладзечне да экскурсіі далучыліся два мясцовыя жыхары.
Ля помніка М.-К. Агінскаму ў Маладзечне
Па словах краязнаўцы, у Маладзечне вілейчукі наведалі помнік Агінскаму, у Беніцы – будынак касцёла 1701 года, у Залессі гасцей чакала вялікая экскурсія па абноўленым палацы Агінскіх, а напрыканцы – Крэўскі замак.
Прыбылі ў Беніцу
– У Залессі нас добра прынялі. Ведалі, што краязнаўцы едуць, – дадаў Аляксей Лужынскі. – Прэзентавалі папку з краязнаўчымі матэрыяламі, а мы ім – свае нумары “Волата”, паштоўкі і плакаты з Агінскім.
У Залессі
У Крэве
Кацярына СУШКО
Фота прадастаўлены Край.бай сябрамі выдання “Волат” Максімам ЦІХАНАВЫМ, Міхасем КУЛЯШОМ, Паўлам ХАВАНСКІМ