Да 110-гадовага юбілею Ядвігі Раздзялоўскай у Маладзечне адкрылася выстава яе работ (ФОТА)
1 сакавіка ў Маладзечне звычайна ўшаноўваецца дзень памяці мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай, чалавека ў мастацкім жыцці горада вельмі знакавага. Яна, як і яе любімы музыкант Шапэн, нарадзілася ў першы дзень вясны. Магчыма таму на яе карцінах столькі непаўторна прыгожых кветак.
Сёлета да 110-гадовага юбілею мастачкі ў Палацы культуры адкрылася выстава яе работ. Падзея адбылася дзякуючы намаганням Юрыя Церабуна, захавальніка мастацкай спадчыны Раздзялоўскай і чалавека, які даглядаў усе апошнія гады свайго настаўніка, а таксама Галіны Сушко, кіраўніка мастацкай студыі.
Адмыслова для выставы Юрый Церабун падрыхтаваў дакументальны фільм, над якім працаваў пяць гадоў. У фільме вядомыя маладзечанскія мастакі распавядаюць аб ролі Раздзялоўскай у іх творчасці і жыцці, аб уплыве на станаўленне мастацкага жыцця ў Маладзечна. Пад музыку ўлюблёнага кампазітара паказаны шэраг фатаграфій і рэпрадукцый яе работ.
“Больш за дзесяць гадоў Раздзялоўская, як і ўсе першыя выкладчыкі мастацкай студыі працавала без усялякай аплаты. Толькі дзеля мастацтва,” – адзначыў Юрый Церабун.
Колішнія вучні згадвалі Раздзялоўскую не толькі як мастака, але і як звычайнага чалавека, бо яна змагла, не гледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, заставацца рамантыкам, прыгожай жанчынай, сябрам і настаўнікам.
Выстава твораў Ядвігі Раздзялоўскай будзе дзейнічаць да пачатка красавіка.
Дарэчы, дзеля папулярызацыі творчасці мастачкі сярод моладзі Галіна Сушко з вучнямі студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ДУ “Палац культуры” зладзілі ўласную невялікую выставу прысвечаную творчасці Я.Раздзялоўскай.
Сяргей Лескець