Лепшага муляра выбралі ў Маладзечне
У асацыяцыі «Маладзечнабуд» быў арганізаваны конкурс прафесійнага майстэрства сярод муляраў.
29 мая з раніцы на будаўнічай пляцоўцы дома, які ўзводзіцца ў мікрараёне «Усходні», сабраліся лепшыя прадстаўнікі акцыянерных таварыстваў «Будаўнік-169», «Спецбудмеханізацыя», «Будаўнік-197» і «ПМК-212». Аб гэтым 4 чэрвеня піша “Маладзечанская газета”.
Перад пачаткам конкурсу члены журы, якое ўзначаліў старшыня асацыяцыі, дырэктар ААТ «Спецбудмеханізацыя» К. Манюк, пазнаёмілі ўдзельнікаў з умовамі спаборніцтва. Асаблівая ўвага была звернута на якасць работ, культуру вытворчасці, ахову працы і выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі.
– Кандыдатаў на ўдзел у конкурсе было шмат, – адзначыла старшыня прафсаюзнага камітэта асацыяцыі Ніна Шырко. – Скажу шчыра і без перабольшвання, у нас працуюць дастойныя прадстаўнікі гэтай прафесіі. Але мы выбралі лепшых з лепшых, можна сказаць, суперпрафесіяналаў сваёй справы. А яны цяпер у справядлівай барацьбе няхай вырашаць, хто больш удалы з іх. Таму і конкурс назвалі адпаведна: «Майстар асацыяцыі «Маладзечнабуд» – 2014 па прафесіі муляр».
Момант прафесійнага конкурсу муляраў
Па камандзе ўдзельнікі занялі свае рабочыя месцы, і конкурс пачаўся. Зашумелі міксеры, з дапамогай якіх рыхтаваліся сумесі, ажылі нажоўкі ў руках. Неўзабаве першыя блокі ляглі на сцяну. Каб захаваць ідэальныя параметры кладкі, канкурсанты пастаянна выкарыстоўваюць вымяральныя і іншыя інструменты. Назіраючы за іх работай, нават недасведчаны чалавек лёгка здагадаўся б, што справу выконваюць сапраўдныя профі.
Журы конкурсу сачыла за ходам работ на будаўнічай пляцоўцы, але нават самых дробных парушэнняў выяўлена не было.
Пераможцамі конкурсу сталі муляры ААТ «Будаўнік-197» Іван Калпакоў і Уладзімір Асіповіч.
На другім месцы – Аляксандр Мацюшонак і Уладзімір Пупко з ААТ «ПМК-212».
Трэцюю прыступку п’едэстала гонару раздзялілі прадстаўнікі ААТ «Спецбудмеханізацыя» Барыс Брыль, Анджэй Карнюхоў, а таксама Эдуард Харук і Руслан Лісіца з ААТ «Будаўнік-169».
Сёлета ў асацыяцыі «Маладзечнабуд» плануюць вызначыць таксама лепшага тынкоўшчыка. З наступнага тыдня пачынаецца прыём заяў і адбор кандыдатаў. Чарговы конкурс будзе прымеркаваны да Дня будаўніка.
Паводле “Маладзечанскай газеты”