Дырэктар Маладзечанскага Палаца культуры: 10 год – гэта было толькі станаўленне (ФОТА)
17 кастрычніка Маладзечанскі Палац культуры адзначыў сваё дзесяцігоддзе. Пра тое, як быў дабудаваны пасля 13 год Палац, які быў яго пачатак і які ён зараз, расказала яго дырэктар Святлана Сарока.
– Святлана Рыгораўна, раскажыце адразу, як атрымалася, што Палац дабудавалі. Бо жыхары Маладзечна памятаюць, наколькі доўга тэрыторыя з будоўляй у цэнтры горада была абнесеная плотам.
– Будаўніцтва новага Палаца культуры ў Маладзечне пачалося 23 гады таму, у 1989 годзе, пры старшыні Маладзечанскага гарвыканкама Яўстафіі Стахоўскім. Праект распрацаваў архітэктар “Мінскграмадзянпраекта” Уладзімір Даніленка. Будынак быў вельмі складаны, не падобны да тых, што ўзводзіліся ў той час. Шырокія холы, фае, шмат залаў, памяшканняў. Праект быў прадстаўлены на выставе ВДНГ у Маскве і атрымаў там сярэбраны медаль.
Будаўніцтва пачалося, але, як гэта бывае, на жаль, не хапіла сродкаў. Палац стаў даўгабудам на 13 гадоў. Кіраўніцтва горада мянялася, кожны раз рабіліся спробы аднавіць будоўлю. Але кожны раз не атрымлівалася. У цэнтры горада, сапраўды, стаяў непрыгожы “помнік”, абнесены плотам.
Як я сказала, шмат хто прыкладаў намаганні, каб аднавіць будаўніцтва. Адным з такіх апошніх і дзейсных стала размова ў нашым музычным вучылішчы падчас выязной абласной нарады з удзелам тагачаснага губернатара Мікалая Дамашкевіча вясной 2002 года. Дырэктара вучылішча Рыгора Сароку папрасілі расказаць пра ўстанову. Як чалавек, якога хвалююць шырокія пытанні, ён пачаў гаварыць таксама пра культурнае жыццё горада. Пра тое, што ў Маладзечне ўжо шмат гадоў праходзіць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які з’яўляецца другім па значнасці ў рэспубліцы пасля “Славянскага базару” у Віцебску", дзейнічаюць абласныя драматычны, лялечны тэатры, шмат устаноў адукацыі, культуры. Горад з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, можна сказаць, “прыгарадам” Мінска, высокаадукаванай і высокакультурнай мясцінай. А галоўнай культурнай пляцоўкі не мае. Нацыянальны фестываль праходзіць на плошчы пад адкрытым небам.
Мікалай Дамашкевіч паабяцаў вырашыць гэтае пытанне, і пачалася падрыхтоўка да аднаўлення будаўніцтва, пошук сродкаў на гэта. Апошнім вызначальным момантам стала згода кіраўніка дзяржавы на выдзяленне патрэбнай сумы пасля яго прыезду на наш фестываль у чэрвені таго ж года. У той час у дзяржаве пачалася хваля па завяршэнні даўгабудаў. Маладзечанскі Палац культуры стаў адным з першых у гэтым шэрагу.
– Як доўга дабудоўваўся ПК? Калі Вы сталі яго дырэктарам?
– Мяне прызначылі дырэктарам “строящегося Дома культуры” у жніўні 2002 года. На той момант я ўзначальвала раённы метадычны цэнтр пры аддзеле культуры гарвыканкама і вельмі не хацела адтуль сыходзіць, бо ў нас склаўся моцны творчы калектыў, з якім была наладжаная цікавая добрая праца. Мы ладзілі мноства мерапрыемстваў па раёне, пачынаючы ад вечарын і заканчваючы фестывалямі. Але тагачасны старшыня райвыканкама Мікалай Чурсін настаяў, і я пагадзілася. Наколькі ведаю, ён збіраў нараду з заслужаных работнікаў горада і пытаўся, каго б яны хацелі бачыць на месцы кіраўніка новага ПК.
На будаўніцтва быў дадзены вельмі кароткі тэрмін. Адкрыццё было прызначана на 17 кастрычніка. На яго павінен быў прыехаць кіраўнік дзяржавы. Ён жа адкрываў той восенню ў горадзе новую 14-ю школу. Будаўніцтва абодвух аб’ектаў ішло паскоранымі тэмпамі. Над Палацам культуры працавала 57 будаўнічых і іншых арганізацый з Маладзечна, Мінска, Салігорска, Слуцка. Генпадрадчыкам быў маладзечанскі “Будаўнік-169”, якім кіраваў Віктар Шэлег. Вялікую работу ў той час зрабілі намеснікі старшыні райвыканкама Мікалай Воранаў і Яфім Ідэльчык, начальнік аддзела культуры Надзея Сідарэнка.
Мне трэба было ўнікнуць у весь працэс будаўніцтва, вызначыць для будработнікаў, што, дзе, як патрэбна для будучага жыцця Палаца. Для гэтага адразу вырашыць, як ён увогуле будзе жыць, чым будзе займацца, хто ў ім і як будзе працаваць, якое абсталяванне, мэбля, колер і якасць сцен патрэбныя і г.д. Гэта значыць, другой справай адначасова было вызначыць прынцыпы работы гэтай вялікай структуры, напоўніць яе людзьмі, сфарміраваць калектыў, вызначыць мэты. І быць гатовымі да поўнай працы ўжо пачынаючы з 17 жніўня.
Справа была вельмі няпростая. Трэба было “проста” пабудаваць усё з нуля. Абдумвала ўсё, раілася, запрашала творчыя калектывы, падбірала кадры, фарміравала сваю каманду, на якую можна будзе абаперціся. Шмат хто перайшоў за мной з метадычнага цэнтра. І гэтыя людзі праверыліся часам, яны ўсе працуюць дагэтуль, мы разам “выраслі”, навучыліся вырашаць усё больш складаныя задачы. Дзякуючы добрай камандзе мы і можам, у першую чаргу, рабіць тое, што мы робім.
– З чаго вы пачыналі ў ПК дзесяць год таму і да чаго прыйшлі зараз?
– У дзень адкрыцця мы ўжо паказалі паўнацэнны вялікі канцэрт “Майстры мастацтва – будаўнікам”, працавалі ўсе клубы, гурткі, была наладжаная ўся праца. Пакуль ішло будаўніцтва і аздабленне, адначасова наладжвалася сістэма работы. І мы былі ўжо поўнасцю гатовыя, адразу пайшлі мерапрыемствы, святы, канцэрты.
17 кастрычніка было важным днём, які памятаюць і нашы работнікі, і будаўнікі. Мы працавалі ўсе разам суткамі, перажывалі за вынік. Таму гэты час незабыўны для ўсіх. І кожны год мы святкуем гэты дзень нанова, нягледзячы на “някруглую” дату. Гэта наша традыцыя.
Пачыналі адразу з вялікай колькасці работнікаў і калектываў. Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву вобласці і раёна, што зацвердзілі такую колькасць супрацоўнікаў, пра якую прасіла. У штатным раскладзе на момант адкрыцця было 131,5 адзінкі пасад. Кожную адзінку я шмат разоў абдумала. Ведала, хто і навошта патрэбны. Калі прыехала ў Мінск з гэтым раскладам, сустрэла вялікае здзіўленне. Бо ў ніводным новым Палацы культуры вобласці не было такой колькасці супрацоўнікаў. А я магла абгрунтаваць кожную кандыдатуру. Да таго ж будынак быў вельмі вялікі, і для яго проста па нормах належыла мець вялікую колькасць людзей.
Дзякуючы такому штатнаму раскладу мы змаглі выконваць свае заданні паўнавартасна і дасягнуць таго, што маем на гэты час. У нас праходзіць каля 400 мерапрыемстваў у год, сярод іх – звыш 30 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных. За дзесяць год гэтыя лічбы выглядаюць так: 4 012 мерапрыемстваў, дзе 121 – міжнароднага і рэспубліканскага узроўню, 112 – абласнога. Усе ўпраўленні Мінскага аблвыканкама праводзяць свае мерапрыемствы ў Маладзечанскім ПК – ад нарадаў, прафесійных святаў, юбілеяў да “ёлак” для дзяцей. Гэта і медыкі, і транспартнікі, і спецыялісты ЖКГ, міліцыя, упраўленне па рабоце з моладдзю, упраўленне спорту і турызму. Шмат мерапрыемстваў адбываецца дзякуючы ўпраўленню адукацыі: нарады бацькоў, абласныя “ёлкі”, абласны Дзень настаўніка і г.д.
Прычым усе святы, канцэрты мы праводзім самі – нашы артысты, нашы калектывы. Пачынаючы ад сцэнару і заканчваючы размяшчэннем удзельнікаў на начлег. І робім гэта на высокім узроўні. Некаторыя кажуць, што нашы навагоднія прадстаўленні для дзяцей праходзяць лепш, чым у Палацы Рэспублікі. Бо ў нас адначасова працуе шмат пляцовак па ўсім будынку: там дзяцей забаўляюць, там з імі танцуюць, там загадваюць цікавыя загадкі. На працягу прадстаўлення на сцэне шэсць раз мяняюцца дэкарацыі. Білеты на гэтыя прадстаўленні выкупляюцца арганізацыямі адразу. У нас ёсць правіла, што мы не паўтараем аднаго сцэнара ні па якім мерапрыемстве двойчы. Кожны раз ствараем новыя.
Калі гаварыць пра дасягненні, то за дзесяць год калектывы і ўдзельнікі студый Палаца атрымалі 32 Гран-пры і першыя месцы на конкурсах міжнароднага ўзроўню, 57 – рэспубліканскага ўзроўню, 61 – абласнога. Гэта не гаворачы пра іншыя прызавыя месцы. Маладзечанскі Палац культуры ўзнагароджаны трыма ўзнагародамі Міністэрства культуры, апошнюю з якіх атрымалі ў 2012 годзе, спецыяльным дыпломам Упраўлення культуры Мінаблвыканкама за лепшую пастаноўку работы па развіцці культуры ў намінацыі “Лепшы клуб года” Мінскай вобласці за 2006 год. Маладзечанскі райвыканкам прызнаў, што ў нас былі лепшыя вынікі працы сярод устаноў культуры горада Маладзечна таксама за 2006 год. Мы сталі пераможцамі раённага спаборніцтва па выніках працы за той жа год у намінацыі “Лепшы калектыў”, за 2009 год – у намінацыі “Лепшая ўстанова культуры”. У абодвух выпадках установа была занесеная на раённую Дошку гонару.
– Поспехам можна лічыць правядзенне частых канцэртаў зорак беларускай і замежнай эстрады ў Маладзечне?
– Так. Спачатку ніхто не верыў, што ў Маладзечна хтосьці паедзе, што нам гэта ўдасца. Бо на той час, акрамя Мінска і абласных цэнтраў, канцэрты тых жа расійскіх зорак нідзе не праводзіліся. Мы былі, можна сказаць, першымі, хто пачаў гэтым сур’ёзна займацца. І атрымалася, мы наладзілі падобную працу.
– Вы казалі, што ў пачатку ў Вас было ў штатным раскладзе 131,5 адзінкі. Колькі зараз людзей працуе у Маладзечанскім ПК? Колькі гурткоў, студый?
– 171 штатная адзінка. 28 клубных фарміраванняў, з якіх 10 маюць званні “народны” або “заслужаны”. Агульная колькасць удзельнікаў складае каля 600 чалавек. Мы працуем і для дзяцей, і для моладзі, і для старэйшых, і для сярэдняга ўзросту. У нас ёсць і харэаграфія, і мадэльныя, і эстрадныя студыі, і клубы пажылых людзей, і духоўна-рэлігійныя аб’яднанні – самыя розныя для самых розных катэгорый гараджан.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца "Спадчына" пад кіраўніцтвам Іосіфа Сушко
Узорная студыя эстраднай песні "Спяваем разам"
Народны вакальны ансамбль “Менестрэлі”
Народны тэатр “Метамарфозы”
Узорная эстрадная студыя "Жывы гук"
Духоўна-патрыятычнае аб'яднанне "Светач"
Народная студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
Мадэльная студыя “Шарм Плюс”
Струнны квартэт "М'юз" ("Muse")
– А колькі наведвальнікаў было за дзесяць год у Палаца?
– Гэта вельмі цяжка падлічыць, бо каго лічыць наведвальнікам? У нас ёсць платныя канцэрты, бясплатныя, ёсць выставы, ёсць клубы, гурткі, дыскатэкі, вечарыны, сустрэчы, тэатральныя пастаноўкі, канферэнцыі і г.д., пастаянна прыязджаюць дэлегацыі і экскурсіі. Усіх улічыць проста нерэальна. Прыблізная лічба тых, хто быў хаця б зафіксаваны, – шэсць мільёнаў. Але я думаю, што гэтая лічба значна большая.
– Якія мерапрыемствы былі і ёсць найбольш значнымі?
– Вядома, што самымі значнымі падзеямі з’яўляюцца штогадовы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, рэспубліканскае свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, якое адбылося ў 2011 годзе, таксама шмат іншых. Мы з’яўляемся заснавальнікамі Міжнароднага адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, Міжнароднага турніру па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна”, Міжнароднага фестывалю сярэднявечнай культуры “Белы замак”.
Разам з Маладзечанскім музычным вучылішчам, цяпер каледжам, мы з’яўляемся сузаснавальнікамі Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра, дзякуючы якому ў горадзе пастаўлены чатыры оперы. Гэта незвычайная справа для Беларусі. У неабласных гарадах такога яшчэ не было. Дзвесце гадоў таму толькі Радзівілы ў Нясвіжы рабілі падобнае. На оперы прыязджала музычная эліта Беларусі, яе прадстаўнікі далі пастаноўкам высокую ацэнку. Гэта складаны жанр, які патрабуе высокага прафесіяналізму. Са свайго боку яго прадэманстраваў музычны каледж. Мы ж запрашалі майстроў-афарміцеляў, майстроў па касцюмах, іншых спецыялістаў. На адну толькі оперу “Яўген Анегін” мы пашылі 250 касцюмаў.
Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктара каледжа Рыгора Сарокі
Опера "Яўген Анегін". Красавік 2009 года
Опера "Травіята". Красавік 2008 года
– Колькі людзей звычайна прымае ўдзел у мерапрыемствах?
– На нашых мерапрыемствах бывае ад 500 да 2 000 гледачоў і ўдзельнікаў. Вялікая зала Палаца разлічаная на 820 месцаў. Звычайна яна бывае поўная. Звыш 400 чалавек працуе на сцэне, бо калектывы вялікія. Калі адбываецца вялікая падзея абласнога, рэспубліканскага характару, яшчэ могуць адначасова праходзіць выстава, працаваць гандлёвыя кропкі. Гэта яшчэ чалавек 200. На вялікіх канцэртах мы разлічваем на колькасць гасцей і ўдзельнікаў пачынаючы ад тысячы.
Каб арганізаваць такую колькасць людзей, трэба правесці добрую папярэднюю падрыхтоўчую работу. Кожны калектыў, госць, які прыязджае, “атрымлівае” свайго куратара. Ён ведае праграму гэтага ўдзельніка, калі ў яго рэпетыцыя, дзе яго размясціць, тлумачыць, дзе што можна знайсці ў горадзе і г.д. Акрамя таго, што госць не адчувае сябе няёмка і ведае, што яму рабіць, мы ўпэўненыя, што ён будзе ўсюды ў час, і ў нас нічога не “завісне”. Таксама мы заўсёды праводзім генеральныя рэпетыцыі, каб быць перакананымі, што накладак не будзе.
– Маладзечанскі ПК называюць Малым Палацам Рэспублікі. Гэта датычыцца падзей, якія ў ім адбываюцца, ці памеру?
– Наш Палац, сапраўды, самы вялікі ў вобласці пасля Мінска. Яго агульная плошча – 10 250 квадратных метраў. На той час, калі аднавілася яго будаўніцтва, палацы былі ўзведзеныя таксама ў Слуцку, Барысаве і Салігорску. Некаторыя гаварылі: навошта яшчэ адзін? Але ён апраўдаў сябе. Культурная сталіца Мінскай вобласці перамясцілася ў Маладзечна. Тут ёсць калектыў, які можа арганізаваць ужо мерапрыемства любога кшталту і маштабу, ёсць добрая матэрыяльна-тэхнічная база.
Таксама ў нас унікальны будынак, якога няма ў іншых райцэнтрах вобласці. Гэта не проста глядзельная зала з уваходам, а цэлы комплекс з вялікай залай, універсальнай, малой, харэграфічнымі, з грымёркамі, памяшканнямі для персаналу, кафэ. Тут можна правесці маленькае ці буйное мерапрыемства, нават не выходзячы на вуліцу.
Пасля таго, як у 2011 годзе ў гарадскім парку быў пабудаваны летні амфітэатр, які ўвайшоў у распараджэнне Палаца культуры, у нас з’явілася яшчэ адна значная канцэртная пляцоўка. Вядома, што павялічылася і колькасць працы, мерапрыемствы павінны праходзіць і на закрытай сцэне, і на адкрытай. З іншага боку, з’явілася яшчэ больш магчымасцяў для правядзення святаў і ўзрос іх узровень. Толькі абсталяванне ў амфітэатры каштавала больш за 10 мільярдаў рублёў, што на той момант складала два мільёны долараў. Яно самае сучаснае, разлічанае на канцэрты любога ўзроўню.
Маладзечанскі амфітэатр, пабудаваны ў 2011 годзе
– Як Вам, далікатнай жанчыне, удаецца кіраваць такім вялікім калектывам і зрабіць так, каб увесь механізм працаваў зладжана?
– Я пастаянна праводжу псіхалагічную работу з працаўнікамі. Гавару ім пра тое, як і для чаго мы працуем. У першую чаргу, мы робім свята. Людзі прыходзяць да нас, каб адпачыць, атрымаць добры настрой. Мы павінны стварыць для гэтага ўмовы. У кожнай дробязі. Каб ні ў якім разе гэты настрой не сапсаваўся, а чалавек пайшоў ад нас задаволены. І калі ў нашых гасцей свята, яно павінна быць і ў нас – мы павінны быць апрануты адпаведна, быць ветлівымі, з усмешкай. Мы гаворым пра тое, як трэба размаўляць, паводзіць сябе. Чалавек культуры павінен быць прыгожы і ўнутры, і знешне. Шмат намаганняў давялося прыкласці, каб наладзіць такое стаўленне, на пачатку існавання Палаца. Цяпер ужо ўсё працуе само. Кожны новы чалавек, які ўліваеццца ў калектыў, бачыць, як мы ставімся да працы, і вучыцца гэтаму.
У нас вельмі напружаны тэмп работы. Некаторыя, хто бачыў, як працуюць на тэлеканалах, кажуць, што ў нас падобны тэмп. Адначасова высвятляецца шмат пытанняў. У Маладзечанскім ПК любяць праходзіць практыку студэнты Мінскага каледжа мастацтваў. Яны ўдзельнічаюць у стварэнні мерапрыемства на ўсіх этапах – ад стварэння каштарыса да ўзаемадзеяння з усімі службамі. Пасля могуць самастойна арганізоўваць святы. І звычайна просяцца да нас на работу – ім падабаецца тое, што яны бачаць у нас. Выкладчыкі пасля тэлефануюць, пытаюцца: “Як вы іх так запалілі?”
Каб была добрая праца, патрэбныя добрыя кадры. Мы нікога не прымаем на работу проста так. Я лічу, што кожны павінен мець адпаведную адукацыю і быць спецыялістам – харэограф, сантэхнік, сталяр, гукарэжысёр. Мала напісаць добры сцэнар. Каб ён ажыццявіўся так, як было задумана, патрэбна каардынацыя многіх службаў. На мерапрыемстве мы не сядзім, як гледачы, а сочым, ці добра працуе святло, гук, мікрафон, ці ў час вынесуць той ці іншы прадмет і г.д.
Для таго, каб адбывалася добрае ўзаемадзеянне, мы даўно праводзім унутраныя гумарыстычныя святы, капуснікі для працаўнікоў, дзе спецыялісты мяняюцца ролямі. Каб можна было адчуць на сабе, як няпроста рабіць штосьці калегу побач, і пасля цаніць яго працу. Мы ўсе разам накіраваныя на добры вынік. Нядаўна да нас прыйшла новая работніца нетворчай прафесіі. Яна здзівілася, колькі працы трэба зрабіць, каб атрымалася лёгкае, прыгожае прадстаўленне. Да гэтага, калі яна прыходзіла ў Палац на святы, ёй здавалася, што раз на сцэне ўсё лёгка і весела, так выглядае і штодзённая праца.
Вядома, мы атрымліваем асалоду ад таго, што робім. Інакш столькі зрабіць было б немагчыма. Я б не змагла працаваць і кіраваць такім арганізмам, калі б не любіла сваю працу. Прыходжу сюды ў дзевяць раніцы і часта застаюся да адзінаццаці вечара, працую па выхадных. Бо мерапрыемствы, як правіла, вячэрнія або уікэндавыя. Добра, што сям’я разумее і можна так працаваць. Без іх падтрымкі гэта было б немагчыма.
Я строгі і патрабавальны кіраўнік. І ўнікаю ў кожную справу. Кожнае мерапрыемства, сцэнар праходзяць праз мяне. Аж да колеру і арнаменту касцюмаў. Шмат каму гэта адразу не падабаецца, але, як бачаць вынік, кажуць, што ўсё было правільна зроблена.
– Як у Вас на ўсё хапае часу? Акрамя ўсяго іншага, Вы сталі нядаўна членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ. Ці не перашкодзіць гэта працы ў Палацы і арганізацыі работы ў ім?
– Я заўсёды мару пра тое, каб у чалавека была магчымасць працаваць 24 гадзіны. Мне б гэта вельмі адпавядала. Наконт працы ў Савеце Рэспублікі – проста трэба будзе арганізаваць усё так, каб паспявала. Мне гэта ўсё цікава. Я і да гэтага займалася “грамадскай” працай. Даўно з’яўляюся старшынёй Савета дырэктараў устаноў культуры Мінскай вобласці. Калегі раяцца, як арганізоўваць канцэртную дзейнасць. У нас у гэтым вялікі вопыт. Увогуле, тое, што мяне выбралі сенатарам, гэта вынік не толькі маёй працы, але і ўсяго майго калектыва, які сказаў сам пра сябе. Дарэчы, я адзіны чалавек ва ўсім парламенце, які рэпрэзентуе сферу культуры.
Калі ў нашым Палацы праходзілі 25 верасня выбары прадстаўнікоў у Савет Рэспублікі ад Мінскай вобласці, я гаварыла падчас свайго выступлення пра тое, што ў культуры ў нас працуюць людзі высокаадукаваныя, таленавітыя, ахвярныя, і я прыкладу ўсе намаганні, каб яны былі паўнавартасна падтрыманыя. У той жа час мяне цікавіць усё жыццё краіны, ад дэмаграфіі і сям’і да дабрабыту кожнага беларуса. Мне здаецца, што чалавек, які выбраны ў такі орган улады, павінен ведаць усе бакі жыцця краіны.
– Як, па-Вашаму, ці змянілася Маладзечна пасля таго, як у ім з’явіўся новы Палац культуры?
– Безумоўна. Змяніўся статус горада. Ён стаў яшчэ больш культурным і духоўным. З’явілася вялікая пляцоўка, на якой праходзяць мерапрыемствы высокага ўзроўню. У Маладзечне і да гэтага была вельмі выхаваная публіка. Бо тут шмат устаноў культуры, людзей з музычнай, мастацкай адукацыяй. Выступоўцы заўсёды ведаюць па рэакцыі маладзечанскай публікі, ці ўдалае іх выступленне. Калі слабое – няма апладысментаў. Затое, калі добрае, то проста выкупаюць у іх.
З такім калектывам аднадумцаў, якія жывуць вялікімі творчымі ідэаламі, я спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца і надалей. Дзесяць год, можа, для кагосьці гэта і невялікая дата, але для нас гэта быў час станаўлення. Час для таго, каб даказаць, што такі Палац культуры быў неабходны ў горадзе, што Маладзечна – горад высокай культуры.
Вольга РУДНІЦКАЯ
Фота прадастаўлена Kraj.by Маладзечанскім Палацам культуры