Опубликовано: 30 декабря 2014, 17:18
111

Пісьменніца Хрысціна Лялько ў Маркаве Маладзечанскага раёна: Я заўсёды выбіраю дарогу пад гару

Хрысціна Лялько – беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка – па запрашэнні пісьменніка Міхася Казлоўскага прыехала на сустрэчу з вучнямі Маркаўскай сярэдняй школы.

Аб гэтым 29 снежня паведамляе «Маладзечанская газета».

Хрысціна Лялько скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь».

У 1995 годзе стала адным з ініцыятараў і сузаснавальнікаў двух каталіцкіх часопісаў – квартальніка «Наша вера» і месячніка «Ave Marіa», з таго часу з’яўляецца галоўным рэдактарам гэтых выданняў.

Першыя вершы апублікавала ў 1971-м у лідскай газеце «Уперад». Аўтар кніг прозы «Дарога пад гару», «Світанак над бярозамі» і кнігі паэзіі «На далонях любові».

У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак «Хітрэй свету не будзеш». Пераклала на беларускую мову нарыс Уладзіслава Сыракомлі «Мінск», кнігі Папы Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі», «Дар і Таямніца», «Устаньце, хадзем!», «Памяць і самасвядомасць», энцыклікі «Fides et ratio», «Ecclesia de Eucharistia», Апостальскі ліст пра Ружанец «Rosarium Virginis Mariae», творы Яна Твардоўскага і інш.

У калідорах, класах Маркаўскай сярэдняй школы гучыць жывая беларуская мова, на ёй выкладаюцца ўсе прадметы. Тут працуюць неабыякавыя настаўнікі. Пісьменнікі едуць сюды з радасцю.

Маркаўскую школу скончыла ў свой час таленавітая паэтэса і тэлежурналістка Таццяна Сапач, жыццё якой абарвалася вельмі рана. Яе партрэт вісіць у кабінеце беларускай мовы і літаратуры, куды настаўніца Ларыса Сапач і запрасіла гасцей-літаратараў.

– Хрысціна, вас вельмі ўзрушыла, што ў гэтай школе вучылася Таццяна Сапач. Вы былі знаёмыя?

– Мы з Таццянай некалькі разоў сустракаліся на міжнародным кінафестывалі хрысціянскага кіно «Магніфікат». Я была старшынёй журы, тройчы ў яго ўваходзіла і Таццяна. Мы шмат размаўлялі, і я адчула, наколькі светлая ў яе душа — душа сапраўднай беларускі. Памятаю, як аднойчы мы са слязамі на вачах размаўлялі пра нашых матуль, якіх ужо не было на гэтым свеце. Хіба магла я тады падумаць, што тая наша сустрэча апошняя? Ніхто з нас не ведае, колькі каму адведзена. Але мы павінны памятаць пра тое, што час кароткі і трэба яго берагчы.

– У размове з вучнямі вы сказалі, што пісьменнік пачынаецца тады, калі боль разрывае душу і больш маўчаць немагчыма. Аб чым вы не маглі маўчаць у сваім юнацтве, калі ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў раённай лідскай газеце «Уперад» выйшаў ваш першы верш?

– Я нарадзілася пад Лідай на дзедавым хутары. На нашым падворку і ў садзе яшчэ і сёння шумяць дзедавы бярозы, якія заўжды мяне чакаюць. Летам босая па гэтай зямлі прайдуся, дрэвы абдыму – і ажываю, аднаўляюся. Яшчэ да вайны дзед меў сем гектараў уласнага бярозавага лесу, які з прыходам Cаветаў стаў калгасным. Калі мне было 12 гадоў, яго высеклі. І гэта была першая ў маім жыцці драма, пасля якой я пачала пісаць вершы. Затым у юнацтве напісала аповесць «Лес». З гэтага болю я нарадзілася як пісьменніца. А ў дзяцінстве, дарэчы, марыла быць лесніком, хацела быць, як казаў Аляксей Пысін, «замком» і «брамаю» для свайго лесу.

– Аб чым не можаце маўчаць цяпер?

– Найперш аб мове нашай. Вось і дзецям сёння сказала: не саромейцеся размаўляць на роднай мове, чытайце беларускіх аўтараў! Я цяпер Вінцука Адважнага чытаю – быццам п’ю чыстую крынічную ваду. Трэба памятаць, што мы, а не хто іншы, адказныя за лёс роднай мовы.

– Часопіcы «Наша вера» і «Ave Maria», якія вы стварылі і рэдагуеце 20 гадоў, выходзяць на беларускай мове. Скажыце, калі ласка, на якога чытача яны разлічаны, у чым іх адрозненне адзін ад аднаго?

– Квартальнік «Наша вера» ў першую чаргу адрасуецца студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі, усім, хто цікавіцца гісторыяй, культурай, літаратурай, сакральнай спадчынай Беларусі. «Ave Maria» выходзіць кожны месяц, займаецца евангелізацыяй, тлумачэннем праўды хрысціянскай веры, ён разлічаны на людзей практыкуючых. Я шчаслівая, што нам удалося сабраць калектыў аднадумцаў, і дзякую Богу, што вось ужо два дзесяцігоддзі выходзяць гэтыя часопісы. Акрамя іх, мы выпускаем і часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай», рэдактарам якога з’яўляецца вядомая пісьменніца Ірына Жарнасек.

– Як вы лічыце, веруючаму чалавеку жыць лягчэй?

– Не ўяўляю, як можна жыць без веры. Я вырасла ў веруючай сям’і, маміна малітва была са мною заўсёды. Ужо дванаццаць гадоў мамы няма на гэтым свеце, а я адчуваю яе апеку, нашу непарыўную сувязь. Тое, што было закладзена ў маленстве, вывела мяне на мой шлях. Чалавек павінен жыць па запаведзях Божых, і тады яму будзе лёгка. Гэта як з правіламі дарожнага руху: калі іх не выконваць, то аварыі не пазбегнуць. Так і ў жыцці: не будзем прытрымлівацца запаведзяў Божых – пакалечым сваё жыццё, свой лёс. І чым раней чалавек гэта зразумее, тым больш у яго шанцаў стаць шчаслівым.

– Што помніцца з дзяцінства, як вы сустракалі Каляды на сваім хутары?

– Гэта адно з самых светлых свят – паэзія майго маленства. Чаканне першай зоркі Віфлеемскай: пакуль яна не з’явіцца на небе, сям’я не садзілася есці куццю. Мы, дзеці, раз-пораз выбягалі на ганак, выглядалі зорку. Пах смажаных баравікоў, якімі начынялі «вушкі» з цеста. Тоненькія рознакаляровыя свечкі, прымацаваныя да яловых галінак. Сена пад абрусам, калядкі, якія спявалі разам з мамай, малітва. У нашым доме заўсёды віселі абразы, ніколі ніхто іх не здымаў. Мама вадзіла мяне ў Белагрудскі касцёл за сем кіламетраў, не баючыся нікога і нічога. І ў Вільню ў Вострую браму мы ездзілі, а да першай споведзі мама павезла мяне ў Польшчу, дзе жыла наша радня.

– У вас выйшла нямала кніг у перакладзе з польскай мовы. Як удалося так добра яе вывучыць?

– Я не лічу яе замежнай, бо чула з маленства. Мама польскую школу скончыла, навучыла мяне чытаць. Да сваякоў у Польшчу ездзілі, і гэта мова незаўважна ўвайшла ў мой ужытак. Вельмі шкадую аб тым (і вучням на сустрэчы пра гэта гаварыла), што ў школе нямецкую, на філфаку іспанскую не вывучыла так, каб яны былі не ў пасіве, а ў актыве. Мне пашчасціла два месяцы вучыць італьянскую мову ў Італіі, ва ўніверсітэце ў Перуджы, куды з усяго свету з’ехаліся людзі розных узростаў. Мару, каб і да нас з розных краін прыязджалі вывучаць беларускую мову – яна не менш прыгожая за італьянскую. Два месяцы я жыла ў Італіі і не магла дачакацца, каб хутчэй вырвацца з гэтай прыгажосці дамоў. Гавару шчыра, абсалютна не какетнічаю. Мне найлепш дома: Радзіма, як і маці, можа быць толькі адна.

– З часу выхаду вашай першай кнігі прайшло некалькі дзесяцігоддзяў. Якая сёння ваша дарога? Магчыма, ужо лягчэйшая, з гары?

– Раней думалася: ну вось, да 50 гадоў буду ісці пад гару, а пасля – з гары. Але аказалася, справа зусім не ва ўзросце, а ў адчуванні тваёй душы. Наш Белагрудскі касцёл стаіць на ўзвышшы, непадалёк ад яго пахаваная мая мама. Гэта частка маёй дарогі пад гару – мамін шлях, яе лёс. І мой лёс – я заўсёды выбіраю дарогу пад гару.

Паводле «Маладзечанскай газеты»

Читайте также

Игорёк и все-все-все. Борисовский форвард Игорь Монич мстит «Лиде» за прошлый сезон, вырывает у нее три очка и купается в любви молодечненцев
19 минут понадобилось борисовскому легионеру футбольного клуба «Молодечно» Игорю Моничу, чтобы сотворить то, что вся команда не смогла сделать на протяжении двух таймов игры с «Лидой». А именно – забить гол и вырвать победу со счетом 1:0. Игра проходила 31 августа в городе солнца.
В деревне под Мяделем пьяные парни разбили стекла и повредили кузов чужого “Фольксвагена”
27 августа суд Мядельского района вынес приговор двум сельчанам.
В Молодечненском районе за нарушение скоростного режима привлечено 743 водителя. ГАИ объявило акцию «Скорость»
На территории Молодечненского района с 11 по 15 сентября ГАИ проведет профилактическую акцию «Скорость».