Джазавы фестываль прайшоў 6 лістапада ў Маладзечанскім раёне (ФОТА)
Музычны фестываль «Міншчына сустракае джаз» у пасёлку Чысць другі раз ладзіўся па ініцыятыве кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіла Фінберга.
Наш партал анансаваў падзею. Як паведамляе “Маладзечанская газета”, менавіта чысцінцы, па словах маэстра, сталі першымі слухачамі новай праграмы, прадстаўленай на фестывалі «Міншчына сустракае джаз». Гэты пасёлак увогуле можна назваць культурным цэнтрам малых населеных пунктаў вобласці.
Міхаіл Фінберг
– Выхаванне слухача новага часу – адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашага калектыву, – заўважыў маэстра Фінберг. – Мы з задавальненнем выступаем у пасёлках, малых гарадах. У нас існуе шэраг мэтанакіраваных праграм. Заўважу, што аркестру вельмі падабаецца бываць у Чысці. Публіка тут асаблівая, адукаваная.
У пачатку наступнага года беларускаму джазу спаўняецца 75 гадоў. У нашай краіне ён стаў вядомым, а пазней і папулярным дзякуючы Эдзі Рознеру. Будучы трубач, скрыпач, дырыжор, кампазітар, аранжыроўшчык, заслужаны артыст Беларусі нарадзіўся ў Берліне ў сям’і польскіх яўрэяў. У нашу краіну малады музыкант прыехаў з Беластока. Тут Эдзі выпадкова пазнаёміўся з Панцеляймонам Панамарэнкам – дзяржаўным дзеячам і заўзятым аматарам джаза. Па яго пратэжэ Рознер узначаліў новы вялікі джаз-аркестр, які неўзабаве атрымаў статус Дзяржаўнага джаза БССР. У творчага калектыву быў нават спецыяльны цягнік для гастроляў. З вялікім поспехам музыканты калясілі па ўсім Савецкім Саюзе.
Па словах Міхаіла Фінберга, у наступным годзе фестываль абавязкова вернецца ў Чысць.
На Маладзечаншчыне джаз становіцца ўсё больш папулярным, піша газета.
Сёлета ўпершыню ў рамках Дня горада адбыўся адкрыты фестываль-конкурс «Свята саксафона», дзе таксама гучалі джазавыя кампазіцыі. Гран-пры атрымаў біг-бэнд «Бай-блюз», якім кіруе дырэктар маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Яцыновіч. Дарэчы, нядаўна ён быў адзначаны штогадовай прэміяй «Талент-2013» і названы лепшым у намінацыі «Дырэктар года».
Біг-бэнд у складзе пераважна навучэнцаў музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага слухалі і на фестывалі «Міншчына сустракае джаз», выступленне якога стала ўверцюрай да мерапрыемства. А ў Мінску неўзабаве пройдзе 25-ы фестываль беларускага джаза. Да яго цяпер рыхтуецца аркестр Фінберга.
Паводле “Маладзечанскай газеты”