Выстава графікі і скульптуры Аляксандра Фінскага ў Маладзечне

11 чэрвеня ў 12.30 ў рамках ХХ нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзі «Маладзечна-2021» адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы скульптара, ураджэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага пад назвай «Спявак культуры краю».

Аляксандр Фінскі – беларускі скульптар, прафесар кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», узнагароджаны медалём Ф. Скарыны за ўклад у беларускае мастацтва.

Ён з'яўляецца аўтарам мноства помнікаў і скульптурных кампазіцый, устаноўленых у розных кутках Беларусі. У Маладзечне ўсталяваныя дзве яго скульптуры: на ўездзе ў горад з боку Мінска сімвал горада – «Маці Божая Пакрава», каля гасцініцы «Маладзечна» – экалагічны знак «Зямля і неба». 

На выставе «Спявак культуры краю» прадстаўлена каля 50 яго работ: фігуры грацыёзных танцорак і натхнёных мастакоў, анёлы, якія ўвасабляюць мацярынства, святы, сакральны сэнс, экстрасэнсорыку творчасці і бесперапыннасць часу. 

Створаныя скульптарам фігуры нельга аднесці да якой-небудзь адной тэматыкі. Тут ёсць адсылкі да эпохі Адраджэння, да беларускіх літаратараў, сацыяльных з'яў, заключаных у алегарычную абалонку. Але, улічваючы, што сучаснае мастацтва імкнецца да сімбіёзу вобразаў, тэхнік, аўтар гарманічна спалучае скульптуру і, напрыклад, графіку. Яго графіка звязана са скульптурай, яна шмат у чым скульптурная і таму такая цікавая. 

Сам аўтар характарызуе сваю творчасць як дыялог паміж сваімі думкамі і матэрыялам, які можа быць як сааўтарам, так і праціўнікам. Калі ты яго разумееш, улічваеш яго пластычныя магчымасці, гэта дае яшчэ большую выразнасць ў творы. Што тычыцца манументальнага мастацтва, калі сацыяльны заказ кладзецца на душу, то, вядома, гэта вялікае шчасце для мастака.

Ён працуе з зусім рознымі матэрыяламі – бронзай, гранітам, дрэвам, мармурам і гіпсам.