Выстава Аляксандра Пашкевіча ў Маладзечне
У экспазіцыю увайшлі творы, якія і працягваюць традыцыі рэалістычнага мастацтва ў жанры пейзажа і нацюрморта, і маюць накірунак сучаснага выяўленчага мастацтва. У творчых працах мастак працягвае шукаць сваю мову, ідзе праз скаданую форму – метафарычнасць і асацыятыўнасць. На персанальнай выставе твораў Пашкевіча глядач адразу патрапляе ў танальнасць мелодыі душы аўтара і нібы рушыць за яго думкамі да духоўнага выратавання.
“Асаблівае месца ў творчасці Пашкевіча належыць нацюрморту, дзе набор семантычных знакаў, выяўленых у каляровай гаме і музыцы ліній, стварае мастацка-вобразныя эквіваленты духоўнаму свету мастака. У сваіх абстрактных працах аўтар адлюстроўвае "феерверкі эмоцый", якія пад яго пэндзлем набываюць самастойную эстэтычную каштоўнасць” (Т. Гаранская, мастацтвазнаўца).
Аляксандр Пашкевіч нарадзіўся 6 кастрычніка 1946 г. ў Мар’інай Горцы Мінскай вобласці. З 1963 па 1965 гг. вучыўся ў выяўленчай студыі пры тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. З 1966 па 1969 г. вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава.
У мастацкіх выставах удзельнічае з 1970 года. Сябра саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
Жыве ў Маладзечне. Доўгі час працаваў выкладчыкам у дзіцячай мастацкай школе. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у мастацкіх фондах Беларускага саюза мастакоў, дырэкцыі мастацкіх выставак Міністэрства культуры Расіі, у мастацкай галерэі Мар’інай Горкі, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі Маладзечна, у прыватных зборах краін Еўропы.