Выстава «Таямнічая шафа – батлейка» ў Маладзечне

Ці бачылі вы калі-небудзь, як адчыняе свае дзверцы батлейка, як ажываюць лялькі, як пачынаюць расказваць сваю гісторыю, як вучаць добраму і цудоўнаму? Не бачылі?

Тады запрашаем вас здзейсніць незвычайнае і цікавае падарожжа ў краіну батлеечнага тэатра.

У вас ёсць унікальная магчымасць напярэдадні і падчас беларускіх Калядаў дакрануцца да мастацка-культурнай спадчыны беларусаў, наведаўшы выставу традыцыйнай батлейкі, пазнаёміцца з яе канструкцыяй і рознымі відамі, паходжаннем назвы.

Двухпавярховая драўляная скрыня, якая нагадвае царкву ці дамок, расчынецца, і пачнецца падзея і ў верхнім і ў ніжнім ярусах. Драўляныя лялькі ажывуць, рухаючыся на стрыжнях па прарэзах у падлозе ярусаў.

У музеі падчас Раства адбыўся сапраўдны цуд: тут можна сустрэць адразу аж чатыры батлейкі.