У аздараўленчым цэнтры “Зубраня” на Мядзельшчыне з’явіўся новы твор разьбяра Юрася Камандзірчыка (ФОТА)
Драўляная скульптура называецца “Птушыны гай”.
Як расказаў Край.бай Юрась Камандзірчык, твор прысвечаны “Году птушак”, што быў аб’яўлены ў 2012 годзе. Замовіла працу дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзея Ануфрыева.
На яе думку, удакладняе аўтар скульптуры, шмат дзяцей, што прыязджаюць у цэнтр, наогул не ведаюць, якія птушкі жывуць на Беларусі. Майстру трэба было ў дрэве выразаць як мага больш птушак, што гняздзяцца на прасторах Беларусі, каб потым важатыя змаглі распавесці пра іх: адкуль прылятаюць, дзе зімуюць, чым харчуюцца.
“Птушыны гай” размясціўся на паляне на тэрыторыі аздараўленчага цэнтра. Пляцоўку выклалі тратуарнай пліткай, паставілі лаўкі. На дрэвах павесілі шпакоўні і хаткі для іншых птушак.
Юрась Камандзірчык перадае свой твор аздараўленчаму цэнтру "Зубраня". Справа – дырэктар цэнтра Надзея Ануфрыева
Экспазіцыя, па словах майстра, выконвае некалькі функцый: эстэтычную – радуе вока і душы дзяцей і пазнавальную – знаёміць з птушыным светам.
Аляксандр СЯНЮЦЬ
Фота прадастаўлена Край.бай Юрасём КАМАНДЗІРЧЫКАМ