Перазахаванне парэшткаў, знойдзеных на бернардынскіх могілках у Мінску, адбылося ў Будславе (ФОТА)
Пры рэстаўрацыі і адначасова перабудове былога кляштара бернардынцаў у Мінску на месцы, дзе раней знаходзіліся могілкі, былі знойдзены парэшткі 97 чалавек, з якіх 28 - дзеці. Парэшткі спачылых былі перазахаваны ў крыптах базылікі ў Будславе.
5 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў св. Імшу ў будслаўскай базыліцы, піша catholic.by. Перад Імшой кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Кошман з аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН агучыў даклад аб парэштках спачылых (захаванне датуецца XVII–XVIII стст.), што былі знойдзены на могілках былога бернардынскага кляштара ў Мінску. Падчас Імшы вернікі маліліся за гэтых памерлых і за супакой душы спачылага 10 гадоў таму будслаўскага пробашча кс. Францішка Грынкевіча.
«Дзякуючы добрай волі даследчыкаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук яны знаходзяцца сёння ў будслаўскай базыліцы, каб атрымаць годнае пахаванне. Мы не ведаем іх імёнаў, але яны ў Бога, і ім патрэбна Яго міласэрнасць», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.
Па матэрыялах catholic.by