Не спалохаліся дажджу. Больш за 2500 пілігрымаў пешкі і на роварах прыбылі ў Будслаў на фэст
Сёлета 1-2 ліпеня ў Будславе адзначылі 20-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай.
Партал kraj.by анансаваў гэтую падзею.
Паломнікі прыбывалі ў мястэчка з розных куткоў Беларусі.
Рэкардсменамі па колькасці пройдзеных кіламетраў сталі пілігрымы з Брэста, якія ў складзе пілігрымкі Брэст-Баранавічы-Будслаў за 16 дзён пераадолелі 537 кіламетраў, піша Catholic.by.
Дождж, які ішоў у Будславе амаль увесь дзень, прымусіў перанесці запланаваную для пілігрымаў Імшу з вуліцы ў сцены санктуарыя.
Традыцыйная працэсія прайшла познім вечарам – таксама пад дажджом. Тысячы людзей з засяроджанымі ў малітве тварамі, падсветленымі дрыготкімі агеньчыкамі свечак.
Пасля працэсіі цэлебрацыю Эўхарыстыі апоўначы ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
«Касцёл у Беларусі як частка паўсюднага Касцёла заклапочаны маральным становішчам сучаснага чалавека і асабліва маладога пакалення і хоча яму дапамагчы. У гэтым пастырскім годзе, прысвечаным моладзі, мы прыходзім да Божай Маці Будслаўскай, каб шукаць паратунку», – акрэсліў тэму сёлетняга фэсту арцыбіскуп.
Звяртаючыся з Нацыянальнага санктуарыя Апякункі Беларусі да ўсіх людзей нашай краіны, арцыбіскуп Кандрусевіч прамовіў: «Нам і нашаму народу, які сёлета адзначае 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, неабходная духоўная перамена. Распачаць яе неабходна з сябе, не шукаючы вінаватых. Неабходна на шляху шчырага дыялогу шукаць шляхоў вырашэння існуючых праблем нашага грамадства. Не кампрамісу, а дыялогу, бо, калі кампраміс мае на мэце атрымаць «большы кавалак торта», то мэта дыялогу – дасягненне супольнага дабра».
У цэлебрацыі начной св. Імшы удзельнічаў таксама прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Ён прывітаў усіх прысутных на будслаўскай урачыстасці і ўзнёс малітву праз заступніцтва Багародзіцы, у якой даручыў Богу Касцёл і ўвесь народ Беларусі.