На Мядзельшчыне свае вершы чытаў Максім Танк - з аўдыёстужкі
У Нарачанскім краі 18 красавіка стартавала акцыя «Шляхамі паэтаў» .
Як раней паведамляў Край.бай, у Мядзельскай цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Танка 18 красавіка стартавала маштабная акцыя «Шляхамі паэтаў». Васямнаццаць год мінула ад апошняй сустрэчы Максіма Танка (Яўген Скурко) з родным Мядзелем, Пількаўшчынай, Сваткамі і землякамі. У дзень распачацця акцыі ў Мядзелі ён чытаў свае вершы - з аўдыёстужкі.
— Мэта нашай літаратурнай вандроўкі — сабраць як мага больш інфармацыі з месца, бо, седзячы ў горадзе, не напішаш тых радкоў, якія могуць нарадзіцца на гэтай велічнай зямлі, што дала свету такі талент на стагоддзі. Я не памыляюся, Яўген Скурко сапраўды талент сусветнага маштабу, яго творчасць была высока ацэнена еўрапейскімі крытыкамі, многія ставілі яго ў адзін шэраг з нобелеўскімі лаўрэатамі. Але, думаецца, галоўнай адзнакай для паэта стала прызнанне тысяч людскіх сэрцаў. Праз публікацыі мы пастараемся данесці ўсё пачутае і ўбачанае тут, у родным Танку нарачанскім краі. Каб людзі яшчэ раз з цеплынёю ўзгадалі Песняра, — сказаў падчас адкрыцця акцыі старшыня Мінскай абласной арганізацыі БСЖ Мікалай Літвінаў, паведамляе сайт minpraud.by.
На «круглы стол» завіталі мясцовыя краязнаўцы, літаратары. Зусім нядаўна на Мядзельшчыне быў створаны клуб самадзейных аўтараў «Медуніца», у склад якога ўваходзяць 24 пісьменнікі розных узростаў.
Узгадалі ўсіх тых, хто нарадзіўся ў Нарачанскім краі. Гучалі вершы, прысвечаныя слыннаму земляку, Нарачы. Разам падумалі над тым, як надалей захоўваць спадчыну пісьменніка і памнажаць колькасць прыхільнікаў яго творчасці. На шчасце, шмат прысутных помняць Яўгена Іванавіча жывым і прыгадваюць усе дэталі сустрэч і размоў з ім. Намеснік галоўнага рэдактара газеты “Звязда” Анатоль Сланеўскі, хоць і бачыў Максіма Танка адзін раз у жыцці, у пераломны для краіны 1991 год, усё ж запомніў характар гэтага чалавека назаўжды:
— Час быў такі, што ўсё рушылася, і не было ўпэўненасці, што і як будзе заўтра. Яўген Іванавіч сустракаўся з ваеннымі людзьмі, а яны слухалі яго з хваляваннем. Ён трымаў вялізную залу пад сваёй увагай. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што вялікі чалавек — вялікі заўсёды і ва ўсім.
Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі на магілу паэта, а таксама наведалі Сваткаўскую школу, дзе ўпарта і старанна атрымліваў першыя ў сваім жыцці веды маленькі Яўген Скурко.
Па матэрыялах сайта minpraud.by