Мядзельская каманда стала першай у турніры па інтэлектуальных гульнях на Астравеччыне
Паказаць свой клас у Мальскі сельскі дом культуры сабраліся 22 каманды, у тым ліку і “Matrix-V” аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама.
Аб гэтым піша 10 студзеня “Нарачанская зара”.
– Мы, – расказвае капітан каманды Вячаслаў Саўчык, – прымалі ўдзел і ў папярэднім аналагічным турніры. І, можна сказаць, нам адразу пашанцавала: занялі трэцяе месца. Таму на гэты раз перад паездкай на Гродзеншчыну ставілі перад сабой як задачу мінімум выйсці ў прызёры. Адзначу і тое, што гаспадары да прыёму гасцей падрыхтаваліся добра, адкрыты калядны турнір па інтэлектуальных гульнях пакінуў цудоўнае ўражанне.
У размове Вячаслаў расказаў, як праходзіла гульня, наколькі складанымі былі пытанні. Вось адно з іх. У тэлерэпартажы, прысвечаным выцісканню традыцыйных кніг электроннымі, адзначалася, што “атмасфера на кніжным рынку напалілася да гранічнай мяжы”. Назавіце лік, які ўпамянуты ў гэтым рэпартажы...
– Ігракі нашай каманды, – узгадвае Вячаслаў Саўчык, – адразу выказалі меркаванне, што размова ідзе пра тэмпературу, пры якой загараецца папера. Аляксей Гярашчанка і напісаў на картцы – 451 градус па Фарэнгейту. Адказ аказаўся правільным. Цікавым падалося і пытанне наконт колішняга ліста васьмігадовай дзяўчынкі прэзідэнту ЗША з просьбай паўплываць на СССР, каб спынілі выпрабаванні ядзернай зброі ў раёне Паўночнага полюса, бо гэта можа пагражаць… Каму? Вядома, Санта-Клаўсу, які, як лічыцца, жыве менавіта там.
– Адметнасць гульні ў тым, – працягвае Вячаслаў Станіслававіч, – што часу на абдумванне пытання і запісу адказу на яго давалася няшмат, дзесьці каля хвіліны. І картку трэба было ўжо аддаваць прадстаўніку судзейскай калегіі на чале з дырэктарам Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Паўлам Забарскім. За правільныя адказы камандзе налічваліся балы, за памылковыя – здымаліся. Іншым разам, каб дакапацца да ісціны, не хапала лічаных секунд. Аднак на тое яна і гульня. У першым яе туры – “МедыяАзбука” – мы не змаглі адказаць на чатыры пытанні. Такі ж вынік паказала і каманда “Гасіла” з Ашмянскага мясакамбіната.
Гэты калектыў даволі моцны. Ён гуляе ў тэлевізійнай версіі “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынгу”. Узначальвае каманду Фёдар Шведаў. Аднак аказаць супраціўленне мядзяльчанам яна змагла толькі ў першым туры. У астатніх двух – “Свая гульня” і “Што? Дзе? Калі?” – “Matrix-V” аказаўся для іншых удзельнікаў каляднага турніру недасягальным. Таму ў мядзяльчан аказаліся чатыры дыпломы I cтупені, чацвёрты – за агульнае першае месца, і “Яблык азарэння” чырвонага колеру, якім узнагароджваецца каманда-пераможца.
– Канечне, дадому вярталіся ў цудоўным настроі, – дзеліцца Вячаслаў Саўчык. – Такое яркае выступленне, на мой погляд, тлумачыцца моцным складам каманды. Апрача ўзгаданага вышэй Аляксея Гярашчанкі ў яе ўваходзілі Валерый Ільюковіч, Ганна Саўчык, Алег Юшкевіч, Андрэй Янчанка. І кожны з іх зрабіў важкі ўнёсак у прыгожую камандную перамогу.
Паводле “Нарачанскай зары”