Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр па пытаннях якасці вады стварылі ў Мядзеле (ФОТА)
Якую ваду я п’ю? Адказ на гэтае пытанне можа зараз атрымаць любы жыхар раёна, наведаўшы Мядзельскі рэгіянальны інфармацыйны цэнтр па пытаннях якасці вады.
Як піша 18 лютага газета “Нарачанская зара”, напрыканцы студзеня цэнтр быў адкрыты ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Яго работу курыруе настаўніца школы Алена Паршута. Партал Край.бай анансаваў падзею.
Тут навучаць, як правяраць калодзежную ваду, што рабіць, калі выявілі сцёкі з ферм, якія забруджваюць наваколле. Акрамя гэтага, на базе інфацэнтра запланавана правесці шэраг адукацыйных тэматычных мерапрыемстваў, семінараў для школьнікаў, настаўнікаў, грамадскіх інспектараў і іншых зацікаўленых людзей.
Цэнтр створаны ў межах партнёрскага праекта «Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў», які рэалізуецца ў Беларусі Цэнтрам экалагічных рашэнняў пры фінансавай падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка. Дарэчы, гэта трэці падобны інфацэнтр у Беларусі – першы адкрыты ў Шуміліне (Віцебская вобласць), другі – у Вілейцы.
Распачынаючы мерапрыемства, Алена Паршута прадставіла гасцей, а гэта спецыяліст па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Парэчына, памочнік каардынатара праекта «Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў» Любамір Клепач, а таксама настаўнікі біялогіі са школ Мядзельшчыны.
– Тэма семінара: «Рэалізацыя праекта назірання за рэкамі ў Мядзельскім раёне», – паведаміла прамоўца.
З вітальным словам выступіла дырэктар школы Іна Ромель. Наталля Парэчына расказала, што чакаюць ад цэнтра, чаму займаюцца гэтай справай.
Госці прывезлі і падаравалі шмат літаратуры, стэндаў, адукацыйных матэрыялаў, мультымедыяпраектар, кампактную лабараторыю для аналізаў вады.
Прысутныя паслухалі, як правесці даследаванні на ўтрыманне нітратаў у калодзежнай вадзе з дапамогай спецыяльных тэст-палосак.
– Калі ўтрыманне нітратаў у вадзе ў некалькі разоў перавышае гранічна дапушчальную канцэнтрацыю, то яна непрыгодная для піцця і прыгатавання ежы. Ды і жывёлу ёй лепш не паіць, – зазначыла Наталля Парэчына. – Ёй можна толькі паліваць агарод, выкарыстоўваць для мыцця адзення. Гэтымі палоскамі шырока карыстаюцца ў Еўропе, а вось у Беларусі яны пакуль не сертыфікаваны і не могуць быць падставай для выдачы даведак. Праверыўшы ваду, чалавек будзе ведаць, ці павышанае ў ёй ўтрыманне нітратаў і што з ёй можна рабіць. Памятайце, калі ў вадзе ўтрыманне нітратаў звыш гранічна дапушчальных канцэнтрацый, то яе нельга піць, і асабліва – малым дзецям.
Потым усе ўдзельнікі мерапрыемства перайшлі ў камп’ютарны клас. Там з дапамогай памочніка каардынатара праекта «Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў» Любаміра Клепача яны спрабавалі заносіць інфармацыю на сайт watercontrol.by. Менавіта на гэтым сайце адлюстроўваюцца калодзежы і іншыя крыніцы вады ў Беларусі, у якіх павышанае ўтрыманне нітратаў. Настаўнікі разам з вучнямі могуць праверыць якасць вады ў сельскіх калодзежах і дабавіць у базу даных сайта знойдзеныя імі крыніцы забруджвання водных рэсурсаў.
Затым настаўнікі падзяліліся з прысутнымі сваімі напрацоўкамі ў рамках вышэйназванага праекта. У прыватнасці, настаўніца біялогіі Нарацкай СШ №1 Жанна Куцкевіч расказала, як разам з дзецьмі ажыццяўлялі экспедыцыю «Крыніцы забруджвання ракі Сырмеж».
Настаўніца біялогіі гімназіі-інтэрната г. Мядзел Людміла Шчалкунова расказала, як разам з вучнямі даследавалі і вывучалі раку Дробня, якая злучае азёры Баторына і Мястра.
А вось настаўніца біялогіі СШ №2 г. Мядзел Святлана Варановіч паведала, як з гурткоўцамі ў летні час вывучалі возера Мястра, якасць яго вады.
З паведамленнем выступіла малодшы навуковы супрацоўнік Нарачанскай біялагічнай станцыі імя Г.Г. Вінберга Юлія Верас. Яна расказала пра методыку гідрабіялагічных даследаванняў, паведаміла пра магчымасць юным даследчыкам удзельнічаць у Стакгольмскім юніёрскім водным конкурсе. У ім бяруць удзел 33 краіны, у тым ліку і Рэспубліка Беларусь.
Напрыканцы мерапрыемства Наталля Парэчына ўзнагародзіла самых актыўных удзельнікаў міжнароднай праграмы «Назіранне за рэкамі». Падзяка аб’яўляецца настаўніцы Крывіцкай сярэдняй школы Марыне Ракецкай. Акрамя падзякі яна атрымлівае і каштоўны падарунак. Такой жа ўзнагароды ўдастоены Людміла Шчалкунова і Святлана Варановіч. А вось Жанна Куцкевіч атрымала найбольш падарункаў, сярод якіх была і чатырохмесная палатка.
– Чаму выбралі Мядзел для адкрыцця цэнтра? – пацікавіліся ў Наталлі Парэчынай.
– Мядзельшчына – гэта край азёр, тут вельмі шмат вады, якая мае вялікае значэнне для жыцця людзей. І тут знаходзіцца асабліва ахоўваемая тэрыторыя – Нацыянальны парк «Нарачанскі». Таму ў рэгіёне важна падтрымліваць чысціню прыродных вадаёмаў, лясоў, берагоў, рэк. У гэтым вялікую ролю могуць адыгрываць падобныя інфармацыйныя цэнтры, якія даюць магчымасць людзям азнаёміцца з тымі праблемамі, якія існуюць, і даюць ім інструменты для вырашэння гэтых праблем, – чую ў адказ. – З Мядзельшчыны 14 школ удзельнічаюць у праекце. Тут праведзена вялікая работа, ёсць пэўныя вынікі і дасягненні.
– Хто можа карыстацца інфармацыйным цэнтрам?
– Сюды можа прыйсці любы чалавек і звярнуцца да Алены Паршута, каб атрымаць тэст-палоскі, каляровыя шкалы, кніжкі пра калодзежы, хімічную бяспеку. Усё гэта даецца бясплатна. Адзінае, што мы просім, каб дасылалі нам на сайт звесткі пра якасць вады ў калодзежах, стан навакольнага асяроддзя і крыніцы яго забруджвання.
Настаўніца біялогіі Нарацкай СШ №1 Жанна Куцкевіч з узнагародамі
Кіраўнік Мядзельскага рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра па пытаннях якасці вады Алена Паршута (на пярэднім плане)
Іншыя моманты з мерапрыемства
Наталля Парэчына
Паводле “Нарачанскай зары”