Арцыбіскуп Гуджэроці ў Будславе: Вера беларускіх католікаў захапляе
7 ліпеня ў Будславе на Мядзельшчыне ўрачыстай Імшой завяршыўся фэст у гонар Маці Божай. На пляцы перад базылікай сабралася вялікая каталіцкая супольнасць. Сярод удзельнікаў свята – біскупы Беларусі, прадстаўнікі ўлады на чале з губернатарам Мінскай вобласці Барысам Батурам, прадстаўнікі дыпламатычных місій.
Фотарэпартаж свята можна ўбачыць ТУТ.
Падчас літургіі пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас перадаў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу копію цудоўнай фігуры Дзіцятка Езус Пражскага. Копіі пражскай святыні можна сустрэць у многіх касцёлах свету. Цяпер яна будзе змешчана і ў адным з касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, передает catholic.by.
Мітрапаліт Кандрусевіч назваў гэты жэст “знакам салідарнасці чэшскага Касцёла з Касцёлам у Беларусі”.
Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі (Пасол Ватыкана) арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. У сваёй пропаведзі ён заклікаў пілігрымаў маліцца за Папу Рымскага Бенядзікта XVI, каб, нягледзячы на ўзрост, ён меў сілы працягваць паказваць шлях да Хрыста паўсюднаму Касцёлу.
Прадстаўнік Ватыкана выказаў сваё захапленне верай беларускага народа, якая натхняе і ўмацоўвае іншых у веры.
“Маці Божая Будслаўская, глянь на гэты народ. Ты ведаеш тое, чаго не ведаем мы. Ты бачыш будучыню – захавай дзяцей сваіх!” – узнёс нунцый малітву за беларускі народ.
На заканчэнне літургіі адбылося благаслаўленне святароў, кансэкраваных асобаў (святароў, манахаў, манахінь) і сужэнстваў, якія ў гэтым годзе адзначалі свой 25-ці або 50-гадовы юбілей. “Памнож ласку Духа Святога, каб былі вернымі слугамі Хрыста”, - маліліся за святароў. Аб вернасці свайму пакліканню і прынесеным манаскім абяцанням прасілі для манахінь і манахаў. Аб здароўі, спакоі і аб вечнай радасці пасля доўгіх гадоў шчаслівага сумеснага жыцця прасілі для сужэнцаў.
Падчас набажэнства маліліся і за арцыбіскупа Гуджэроці, які ў гэтым годзе адзначае 30-годдзе святарства. У падарунак іерарх атрымаў копію абраза Маці Божай Будслаўскай.
У наступным годзе Будслаў чакае вялікі юбілей - 400-годдзе прысутнасці цудоўнага абраза Маці Божай у вёсцы.