Клуб юных алімпійцаў адкрыўся ў Глыбокім
Збылася даўняя мара дырэктара СШ №3 Васіля Любозы аб адкрыцці ў навучальнай установе клуба юных алімпійцаў.
Як паведамляе 6 лютага «Веснік Глыбоччыны», сертыфікат клуба пад нумарам 61 яму як кіраўніку калектыву ўручыла вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Віцебскай вобласці Вольга Абухова.
Гэта падзея на ўрачыстую лінейку сабрала ці не ўвесь калектыў школы. Са шчырымі словамі да юных алімпійцаў звярнуліся начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Казімір Хайноўскі, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Міхаіл Арэхаў, дырэктар СШ №3 Васіль Любоза. Напрыканцы мерапрыемства гаспадары парадавалі гасцей спартыўнымі выступленнямі.
Юныя спартсмены школы — Іван Барыла, Аляксей Кайровіч, Паліна Катушонак, Маргарыта Лешчанка і многія іншыя – канечне ж, мараць пра алімпійскі п’едэстал, а пакуль паспяхова выступаюць на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Так, у мінулым навучальным годзе першае месца ў раённай спартакіядзе сярод школьнікаў заняў менавіта калектыў СШ №3 горада.
Па матэрыялах «Весніка Глыбоччыны»