Воіны-інтэрнацыяналісты сустрэліся з вучнямі Сітцаўскай школы Докшыцкага раёна
На сустрэчу са школьнікамі прыехалі старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Валянцін Андрыеўскі і былыя выпускнікі гэтай школы, якія ў мірны час прайшлі дарогамі вайны: Іосіф Ючкавіч, Венедыкт Грыгаровіч, Мікалай Норавіч.
Як паведамляе 17 лютага газета “Родныя вытокі”, у актавай зале сабралася каля 90 чалавек: вучні 5-11-х класаў, настаўнікі. Ля сцэны – стэнд “25 гадоў. Старонкі мужнасці”, на сцяне – на фоне эпізодаў афганскай вайны фотаздымкі салдат і афіцэраў.
Разам перагарнулі старонкі гісторыі, успомнілі мінулае, паслухалі песні.
Валянцін Андрыеўскі, які з дзяцінства марыў трапіць у дэсантнікі, атрымаў такую магчымасць у час тэрміновай службы. Ён у ліку першых трапіў у Афганістан. За баявыя дзеянні быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Мае шмат іншых узнагарод. Больш чым 30 мірных гадоў працуе ў ЦРБ вадзіцелем хуткай дапамогі.
У якасці санінструктара нёс службу ў Афганістане Іосіф Ючкавіч, зараз ён майстар-дарожнік. Прайшоў праз афганскае пекла і выратаваў не адно маладое жыццё, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Увесь цяжар вайны выпрабаваў на сваіх плячах малады вадзіцель, у мірны час настаўнік, Венедыкт Грыгаровіч. З ім здарылася ўсё, што не павінна было адбыцца. Вырас у няпоўнай сям’і: бацька памёр, калі хлопцу было толькі 9 гадоў, а таму трапіць на вайну не павінен быў. Трапіў. Служыў на заставе вадзіцелем. Калі на машыне падарваўся на супрацьтанкавай міне, не яму трэба было выязджаць на заданне. Лінія лёсу ў яго дастаткова звілістая і непрадказальная, піша газета.
Мікалай Норавіч у ваенны час быў топагеадэзістам – выконваў баявыя задачы ў складзе артылерыйскай батарэі, своечасова і дакладна рабіў разлік для стральбы з артылерыйскай зброі. Такім чынам дапамагаў дэсантнікам і спецпадраздзяленням выконваць баявыя аперацыі.
Школьнікі не толькі слухалі расказы бывалых, але яшчэ і пытанні задавалі накшталт: “Што дапамагала выстаяць?”, “Чым даражылі да арміі, пасля яе і цяпер?”, “Ці баяліся вайны?”.
Паводле “Родных вытокаў”