Новы крыж асвяцілі на мемарыяльным комплексе ў Докшыцах (ФОТА)
Асвячэнне новага крыжа на мемарыяльным комплексе “Ходараўка”, якому сёлета спаўняецца 20 гадоў, было адным з мерапрыемстваў у гонар Дня незалежнасці ў Докшыцах.
На асвячэнне новага крыжа, які ўсталявалі па ініцыятыве пробашча Параф’янаўскай каталіцкай парафіі айца Рамана Мурзіча, 30 чэрвеня сабраліся, бадай, усе жыхары бліжэйшых да Ходараўкі населеных пунктаў Сітцаўскага сельсавета. Разам з імі ў гэты дзень быў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, іншыя адказныя асобы райвыканкама.
Асвяціў крыж біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Пад акампанемент арганіста Станіслава Красоўскага хор спяваў:
Малюся за цябе, Беларусь,
За тваіх дачок і сыноў,
Каб была паміж намі любоў,
Я малюся да Бога і прашу…
Напачатку прайшла святая літургія. Маліліся за памерлых не сваёй смерцю 600 мірных жыхароў, якія былі сагнаныя ў канцлагер “Лібараўшчына”, і за 200 палонных італьянскіх салдат. Яны па волі лёсу знайшлі вечнае прыстанішча ў беларускай зямлі.
Ніхто з відавочцаў тых жудасных падзей не застаўся ў жывых. А вось іх успаміны занатавала ў летапісе і беражліва захоўвае настаўніца гісторыі Сітцаўскай школы Тамара Каляга. Яна расказала:
– Некалі прыгожы фальварак Ходараўка стаў бязлюдным месцам. Напуджаныя людзі тры дні баяліся сюды зайсці. І толькі хлапчукі рызыкнулі і сталі першымі сведкамі здарэння. Казалі, што курган дыхаў і ішоў стогн з-пад зямлі, якая сціснула грудзі кінутых у агульную магілу недабітых людзей. Валяліся не прыкапаныя трупы.
Гэта было 27, 28, 29 чэрвеня 1944 года. Да вызвалення заставаліся лічаныя дні. Немцы спешна адступалі, паліцаі замяталі сляды сваіх злачынстваў... Варвараў, якія здзейснілі гэта злачынства, знайшлі толькі ў 70-ыя гады ХХ стагоддзя на ўсесаюзных будоўлях і асудзілі. Праўда, мясцовыя жыхары не хочуць ведаць нават іх імёны. А вось знайсці імёны пахаваных тут ксёндз Раман Мурзіч лічыць справай гонару.
– Сумесная малітва і памяць – тое, што мы можам зрабіць для забітых і пахаваных тут людзей, – сказаў ў сваёй пропаведзі біскуп Уладзіслаў Блін.
Сустрэча ў былым фальварку Ходараўка, цяпер аднайменным мемарыяльным комплексе, суправаджалася музыкай у выкананні ваеннага духавога аркестра з Полацка. У прастор несліся і вершавыя радкі мясцовай паэткі Марыі Дзюбак:
Жалобна шумяць тут
Бярозкі белыя,
Побач са стэлаю,
Побач са стэлаю
Крыж мімаволі жагнае рука.
Слова, складзенае з болю,
Хо-да-раў-ка…
Па матэрыялах газеты "Родныя вытокі"
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА