На аўтастанцыі ў Докшыцах рэйсы аб’яўляюць на беларускай мове
Гаварыць па-беларуску – уласная ініцыятыва старшага касіра докшыцкай аўтастанцыі Зоі Казлёнак.
«Добрай раніцы, паважаныя пасажыры!» – кожны дзень, у восем гадзін, гучыць з дынамікаў голас старшага касіра Зоі Казлёнак. Ён добра знаёмы ўсім, каму часта даводзіцца наведваць аўтастанцыю ў Докшыцах. Гэты голас жыхары Докшыцкага раёна пазнаюць, як пазнавалі ў былым Савецкім Саюзе голас Юрыя Левітана, паведамляе сайт газеты “Родныя вытокі”.
Пасажыры ж, якім у Докшыцкім раёне даводзіцца пабываць праездам, заўважаюць, што рэйсы аб’яўляюцца на добрай беларускай мове. Гаварыць па-беларуску – уласная ініцыятыва Зоі Віктараўны.
“Трэба, каб госці нашай краіны адчувалі, што яны знаходзяцца ў Беларусі”, – тлумачыць сваё рашэнне старшы касір. Такая вось, здавалася б, дробязная адметнасць выгадна вылучае докшыцкую аўтастанцыю сярод дзясяткаў іншых, “рускамоўных”.
Зоя Казлёнак на сваім рабочым месцы
Жанчына аддала працы на Докшыцкім участку ААТ “Аўтапрадпрыемства №14” г. Лепель ААТ “Віцебскаблаўтатранс” 32 гады. Сямнаццаць з іх адпрацавала ў службе кантролю, на пасадзе старшага касіра – пятнаццаты год. Ураджэнка Докшыцкага раёна назаўсёды звязала свой лёс з малой радзімай. Тут яе дом, сям’я, сябры і любімая работа.
– З радасцю адчыняю раніцай дзверы агульнага ўтульнага кабінета. Наш маленькі калектыў (чатыры касіры, дзве прыбіральшчыцы) вельмі дружны, за шмат гадоў сумеснай працы мы сталі проста роднымі людзьмі, дзелімся радасцямі і праблемамі, дапамагаем адзін аднаму. Задаволены таксама ўвагай і падтрымкай адміністрацыі. І яшчэ вельмі прыемнае ў нашай рабоце – словы ўдзячнасці, якія чуем шмат разоў на дзень, – распавядае Зоя Казлёнак. – Ведаеце, мы ганарымся, што ў нашай кнізе скаргаў і прапаноў няма ніводнага наракання, толькі падзякі. Гэта таму, што кожны адносіцца да сваёй працы неабыякава, з душой, кожны на сваім месцы ўжо многа гадоў. Гэта і касір па прыёме выручкі Ларыса Шаура, якую днямі мы віншавалі з 55-гадовым юбілеем, і касір Зоя Зданоўская, і прыбіральшчыца Валянціна Буяльская, якая на пенсіі працуе ўжо пятнаццаць гадоў, і нашы вадзіцелі – у большасці з іх салідны стаж работы і вышэйшая катэгорыя.
Абавязкаў у старшага касіра шмат. Гэта вядзенне неабходнай дакументацыі, афармленне пуцявых лістоў вадзіцелям, аб’яўленне рэйсаў (яна не прапускае ніводнага, асабліва хвалюецца, каб пажылыя людзі своечасова трапілі на патрэбны), адказы на даволі частыя тэлефонныя званкі, улік рабочага часу і многае іншае.
Паводле сайта газеты “Родныя вытокі”