У Докшыцах з'явілася літаратурнае аб'яднанне “Крыніцы” (ФОТА)
На яго першым пасяджэнні, у якім прынялі ўдзел 13 паэтаў і празаікаў, было прынята палажэнне, абраны актыў.
Як пішуць 27 чэрвеня “Родныя вытокі”, у пачатку чэрвеня нарадзілася літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”, кіраўніком якога з’яўляецца журналістка, паэтка Наталля Навіцкая.
Галоўны рэдактар Аляксандр Варанковіч уручыў членам аб’яднання пасведчанні.
Напачатку ўспомнілі тых, хто адыйшоў: вершаваную памяць пакінулі пасля сябе журналісты Яўген Лукашэвіч, Марыя Лук’яненка, Таццяна Стадольнік і Вікенцій Карповіч. Пра аб’яднанне ён марыў, і толькі жыццёвыя абставіны не дазволілі мару зрабіць явай. Яго вершы адкрылі пасяджэнне.
У гэты дзень свае творы чыталі: Людміла Салянка і Марыя Дзюбак, Ганна Сінякова, Марыя Януш, Ірына Козел, Зоя Церах, Наталля Парцянка, Ніна Мілюкова, Алена Несцяронак, Антон Дрокін, Жанна Каржэвіч, Віялета Навіцкая.
Настаўленне на творчы шлях “Крыніцы” атрымалі ад пісьменніка і драматурга, аўтара 17 выдадзеных кніг, лаўрэата літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча і шэрагу іншых узнагарод Фёдара Палачаніна.
Паводле “Родных вытокаў”